ЛПП - варварства ХХІ стагоддзя
На электронную пошту Праваабарончага цэнтра "Вясна" часта прыходзяць лісты і звароты аб грубых парушэннях правоў людзей, якія знаходзяцца ў месцах несвабоды. Сёння публікуем эмацыйны ліст грамадзяніна VS, што закранае ўмовы ўтрымання ў беларускіх ЛПП і каментар да яго праваабаронцаў.
«Паважаныя праваабаронцы! Калі-ж вы звернеце сваю ўвагу на самую безабаронную катэгорыю людзей - жанчын, якія змяшчаюцца ў ЛПП. Асабліва ў ЛПП №3 Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Такога пагардлівага і хамскага стаўлення з боку некаторых кантралёраў і прадстаўнікоў адміністрацыі нават адпетыя бандыты не заслугоўваюць. А яны -жанчыны, прычым хворыя. Бо алкагалізм ва ўсім цывілізаваным свеце прызнаны захворваннем. І як наогул можна растлумачыць наяўнасць штрафнога ізалятара ў лячэбнай установе? Бо ЛПП -гэта лячэбна-працоўны прафілакторый. Але ўмовы ўтрымання тут наогул ні ў якія рамкі не ўваходзяць па медыцынскіх і санітарным нормах: койкі ў 3 ярусы, на прыём ежы адводзіцца некалькі хвілін, а яшчэ адсутнасць гарачай вады. Ежа тут такая, што не кожная сабака есці будзе. І гэта так ўтрымліваюць хворых людзей. Пры ўсім пры гэтым, вылічваюць з іх за пражыванне і харчаванне, прымушаюць працаваць за капейкі, (будоўлі, калгасы, швейка) за 100-150 тысяч рублёў у месяц. Гэта проста рабская праца ў цэнтры Еўропы".
Каментар "Вясны": Праваабарончы цэнтр "Вясна" надае пільную ўвагу пытанню ўтрымання грамадзян у месцах несвабоды і ажыццяўляе адпаведны маніторынг на аснове аналізу нарматыўных актаў і збору звестак аб становішчы зняволеных.
Адным з важных напрамкаў такога маніторынгу мы лічым праблему ЛПП. Гэтая праблема разглядаецца намі нават у больш шырокім сэнсе, чым паказначана ў Вашым лісце: ПЦ "Вясна" неаднаразова заяўляў аб незаконным характары інстытута ЛПП ў цэлым і неабходнасці ліквідацыі яго, як парушаючага Канстытуцыю, законы Беларусі, а таксама міжнародныя абавязацельствы дзяржавы ў галіне правоў чалавека. Гэтай праблеме прысвечаны публікацыі на сайце ПЦ "Вясна" (у тым ліку, па спасылках). Аб гэтай праблеме праваабаронцы неаднаразова заяўлялі на самых розных узроўнях, ад інтэрв'ю і тэлевізійных перадач - да трыбуны ААН. На жаль, урад Беларусі, як і пэўная частка насельніцтва, нашых поглядаў на дадзеную праблему не падзяляюць. Аднак нашы намаганні ўвянчаліся тым, што Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах запатрабаваў ад Беларусі адмяніць прымусовую працу асоб з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю, якія супраць сваёй волі ўтрымліваюцца ў так званых лячэбна-працоўных прафілакторыях, адмовіцца ад карнага падыходу і засяродзіцца на сацыяльнай рэабілітацыі гэтых граамадзян, якія маюць патрэбу ў лячэнні і падтрымцы, у адпаведнасці з патрабаваннямі аб захаванні і абароне правоў чалавека. На думку Камітэта, Беларусь павінна даць грамадзянам права на свабодны выбар працоўнай дзейнасці і забяспечыць справядлівыя і бяспечныя ўмовы працы.
Адным з важных крокаў па ліквідацыі інстытута ЛПП мы лічым інфармаванне грамадзян і дзяржаўных органаў аб стане спраў у месцах несвабоды, у тым ліку, у ЛПП. Аднак, доступ у такія ўстановы праваабаронцам, з магчымасцю правяраць умовы ўтрымання, не прадастаўляецца, і мы вымушаныя атрымліваць інфармацыю ад былых вязняў такіх устаноў, а таксама ад такіх неабыякавых людзей, як Вы”.