viasna on patreon

Беларускія валанцёры ў Харкаве: "Людзі ідуць і ідуць. Год прайшоў, а яны ўсё ідуць"

2015 2015-07-06T12:47:40+0300 2015-07-06T14:02:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/misisa_harkay.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Грамадская прыёмная арганізацыі "Станцыя Харкаў"

Грамадская прыёмная арганізацыі "Станцыя Харкаў"

Беларускія валанцёры з “Праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне” працягваюць сваю дзейнасць у складзе грамадскай дабрачыннай арганізацыі “Станцыя Харкаў”. Падчас анкетавання беларусам давялося паразмаўляць з перасяленкай з Луганcку.

"У мяне вышэйшая адукацыя, ў Луганску я кіравала заводам, была дырэктарам, а тут вымушана цярпець абразы. Прапануюць працаваць прыбіральшчыцай. Крыўдна, бо ўсё жыццё плаціла падаткі, тысячу ў месяц аддавала, а цяпер стаўленне тыпу "вы маладыя і працаздольныя - ідзіце працаваць" і ніякай дапамогі. Атрымліваецца, мы - перасяленцы - тут не патрэбныя. І гэта ўнутры краіны!  У Харкаве я кантактую з вялікай колькасцю людзей, якія кажуць: "Тутака, каб атрымаць дапамогу, трэба альбо хутка нарадзіць шмат дзяцей або адрэзаць сабе нагу". Такія настроі.  Але ж невядома, што будзе ў тым жа Харкаве заўтра. Цікава, што потым будуць казаць нашы суайчыннікі, якія сёння нам адмаўляюць.."

Беларуская Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне

“Мы чуем шмат гісторый людзей, якія згубілі сябе і адчуваюць сябе непатрэбнымі краіне”, - адзначаюць беларусы.

Валанцёры-праваабаронцы аказваюць самую разнастайную дапамогу  перасяленцам з часова акупаванай тэрыторыі і раёнаў АТА: прымаюць, грузяць і размяркоўваюць гуманітарную дапамогу,  працуюць на “гарачай лініі”, праводзяць анкетаванні ўцекачоў наконт эфектыўнасці працы мясцовай улады, сабесаў, займаюцца з дзецьмі часова перамешчаных асобаў і пастаянна чуюць расповеды ўцекачоў, частку з якіх змяшчаюць у сваім дзённіку.

"Больш за мільён перасяленцаў. Людзі, якіх са сваіх домоў "папрасіла" вайна. Грошы, эканоміка, геапалітыка. А перад табой сядзіць на лавачцы бялявая дзяўчына 25 год. Толькі апытвалі яе ў межах маніторынгу працы ўстаноў сацыяльнага забяспячэння. І якая іронія лёсу. Прыехала з зоны АТА, жыла ў Аўдзееўцы. Пераафармляла выплаты па дагляду за дзіцяці, але сталася калісьці займець харкаўскую прапіску. Цяпер мае на руках адмову на грашовыя выплаты, якія перасяленцы звычайна тут атрымоўваюць.  Мела магчымасць жыць больш-меньш нармалёва, але "извините, вам не положено".

Думкі разрываюць. Нехта кінуў першыя камяні, з якіх утварылася лавіна. Нехта вязе ракеты для Градаў, што б’юць па Аўдзееўцы. Нехта пагадзіўся з тым, што мільён бялявых-чарнявых будзе блукаць па свету. А яна сядзіць на "Станцыі" і спадзяваецца, што хоць "крупу ды адзенне" сёння прынясе да дому".

"У гэты час нашыя іншыя валанцеры мыюць цацкі. Цацкі такога кшталту, што ў нас, беларусаў, валяюцца дзесьці ў вёсках. Старыя цацкі, якія калісьці на працягу 5-10 год цябе забаўлялі. Але і тыя, здаецца, знаходзяцца ў лепшым стане. Але мы мыем, таму што яны нарасхоп. Сёння на "Станцыю" звярнулась сям'я, у складзе якой ёсць інваліды. У сувязі з іх становішчам дзяржава мусіць выплаціць ім пэўныя грошы. Але не спяшаецца гэта рабіць. Няма пэўных паперак па інваліднасці. Дзе ўзяць? Едзьце ў родныя мясціны за паперай! У зону АТА, рызыкуючы сваім здароўем. І такіх сітуацый - зашмат.

Працоўны дзень валанцераў хутка скончыцца, але людзі ідуць і ідуць. Год прайшоў, а яны ўсё ідуць".

Беларуская Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне

Падрабязней пра надзённую працу валанцёраў можна даведацца ў раздзеле“Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне” на нашым сайце, альбо на старонцы місіі ў Facebook

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства