Леанід Кулакоў зноў затрыманы і зноў адпушчаны (абноўлена)
Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, сёння быў зноў затрыманы актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў.
Падчас суду за расцяжку ў падтрымку палітвязня Юрыя Рубцова ў актывістаў быў сканфіскаваны фотаапарат, на які фатаграфаваў акцыю Л. Кулакоў. Ён і Максім Вінярскі павінны былі сёння забраць здымач з суду Мінскага раёна. Але каля 13 гадзінаў Максім Вінярскі пабачыў, што машыну Леаніда Кулакова пад судом даглядаюць супрацоўнікі міліцыі, а самога актывіста саджаюць ў службовую машыну. Аднак, Леанід Кулакоў паспеў па тэлефоне паведаміць, што яго вязуць ва УУС Ленінскага раёну і ўжо адбіраюць тэлефон, а таксама, што магчыма яго забралі па выкліку аховы суду Мінскага раёна, дзе ён спрабаваў даведацца цікавіўшую яго інфармацыю.
Каля 16 гадзінаў сам Леанід Кулакоў паведаміў, што дзяжурная Мінскага раённага суду заўважыла апранутую на ім майку з "Пагоняй" і бела-чырвона-белым сцягам, зрабіла заўвагу за "незарэгістраваную сымволіку" і выклікала супрацоўнікаў міліцыі. Пасля дастаўлення актывіста ў Ленінскі РУУС, супрацоўнікі міліцыі не ведалі, што з ім рабіць, выклікалі актывіста на размову, пратрымалі 3 гадзіны і адпусцілі.
"Часта супрацоўнікі міліцыі ўжываюць тэрмін "незарэгістраваная сымволіка", але самі могуць не ведаць статус тых ці іншых выяў. Пры гэтым "Пагоня" даўно прызнаная афіцыйнай сімволікай і выяўлена на шэрагу гербаў, напрыклад, Віцебскай вобласці. Але рэзкая рэакцыя на такога роду сімволіку заўжды мае месца праз ідэалагізацыю супрацоўнікаў і іх негатыўнае ўспрыманне ўсяго таго, што не ўваходзіць у норму. Такія выпадкі, безумоўна. не павінны мець месца", - каментуе сітуацыю юрыст ПЦ "Вясна" Наста Лойка.
Нагадаем, суддзя С. Ткачук прызнаў Леаніда Кулакова вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага пікета і пакараў арыштам на 10 сутак. Пасля вынясення рашэння Кулакова не адправілі адбываць арышт, а паведамілі, што ўсе ягоныя дакументы перададзеныя ў УУС Першамайскага раёна Мінска, якое і будзе выконваць судовае рашэнне. Такім чынам, актывіст не даадбыў 7 сутак прызначанага арышту.