viasna on patreon

Перасяленцы з Луганска: “Хочацца, каб усё гэта скончылася”.

2015 2015-07-01T15:54:41+0300 2015-07-01T16:14:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lygansk-misia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Перасяленцы з Луганскай вобласьці

Перасяленцы з Луганскай вобласьці

Валанцёры-правабаронцы ў складзе  Праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне аказваюць разнастайную дапамогу перасяленцам з часова акупаванай тэрыторыі і раёнаў АТА ў Харкаве, дзе толькі па афіцыйным звесткам знаходзяцца 180 тысяч уцекачоў. Беларусы працягваюць запісваць гісторыі людзей, якія вымушаныя былі пакінуць сваю радзіму і перасяліцца ў Харкаў.

Гісторыя жыхара Луганска.


Я выехаў з Луганска ў чэрвені 2014. Усё пачалося з захопу СБУ Луганскай вобласці. Я ня бачыў, хто захопліваў, я ў гэты час працаваў. Пасля работы я штодня вяртаўся праз тэрыторыю, прылеглую да Службы бяспекі Ўкраіны і дзяржадміністрацыю. Практычна штодня там праводзіліся мітынгі, пачалі з'яўляцца нейкія казакі, якія ахоўвалі дзяржадміністрацыю, была міліцыя. Пасля гэтага я памятаю, што захапілі СБУ. Абгарадзілі калючым дротам, усталявалі некалькі блокпастоў. Але туды можна было праходзіць, глядзець (не ў саму СБУ, а на агароджаную тэрыторыю). З часам пачалі з'яўляцца блокпасты вакол г. Луганск, у асноўным з мясцовых жыхароў у цывільнай вопратцы, са стрэльбамі. Праз некаторы час сталі з'яўляцца незразумелыя людзі ў вельмі добрай форме, камуфляжы. Мясцовыя нават мяне не спынялі, у той час як гэтыя ўжо спынялі, пыталіся, куды я еду і навошта. 
Мне трэба было ездзіць па вобласці. На той час рухацца яшчэ можна было, але правяралі на зброю, наркотыкі. У прыватнасці, мяне ўразіў горад Антрацыт. Я асабіста бачыў там казакаў-расейцаў, гэта я магу сцвярджаць дакладна. Яны перамяшчаліся на Камазах без намярных апазнавальных знакаў, але па форме гэта былі казакі. У Антрацыце на блокпастах таксама стаялі не мясцовыя жыхары, а ўзброеныя казакі.
У нас быў паступовы захоп разнастайных вайсковых установаў, было некалькі вайсковых частак, якія захоплівалі гэтыя людзі. Напрыклад – памежная застава ў г. Луганск, вайсковая частка ўнутраных войскаў у раёне г. Аляксандраўска. Там была страляніна, выбухі, я гэта бачыў з даху дому. Людзі, якія нападалі на вайсковую частку, прыцягнулі баявую разведвальную машыну (чатырохколавую). Калі мы зразумелі, што пачынаюцца нейкія абстрэлы – мы адразу вырашылі выехаць за межы Луганска, хаця б на час. І мы выязджалі. Мы ехалі ў абход дарогі на г. Шчасце, дзе вяліся баявыя дзенні. Гэтую дарогу можна было аб'ехаць цераз Трохізбенку. Там на блокпосце стаялі расейцы, гэта я магу дакладна сказаць. Па-першае, у іх быў расейскі акцэнт. Па-другое – вельмі дарагая прыгожая форма, каскі, акуляры. Яны падышлі, спыталі, куды мы едзем, мы адказалі, што едзем у госці – і нас прапусцілі. Пасля гэтага мы туды не вярталіся. 
Дадзеная тэрыторыя знаходзіцца прыкладна за 100 км ад расейскае мяжы. Я памятаю, як у Луганскай вобласці з'явіліся танкі. У самой вобласці танкаў не было. З Харкаўскае вобласці яны не маглі з'явіцца. Хутчэй за ўсё, яны прыйшлі з Растоўскае вобласці, паўночнакаўказскае вайсковае акругі. Бачыў я і ўзброеных чачэнцаў. Яны жылі, напрыклад, у інтэрнаце ўсходнеўкраінскага ўніверсітэта імя Даля. Узброеныя былі ў асноўным аўтаматамі. У іх былі БМП. 
Жадання ў мяне пакуль вяртацца няма. Разруха, работы няма. Вяртацца туды проста няма сэнсу. 
Што да правядзення рэферэндуму аб абвяшчэнні Луганскай Народнай Рэспублікі – на рэферэндум пайшлі мае родныя, са старэйшага пакалення. Прагаласаваўшы, яны патэлефанавалі дамоў, і сказалі сваякам, што тыя могуць не галасаваць – бо яны ўжо прагаласавалі і за іх. Таму зразумела, што рэферэндум быў фальсіфікаваны. Я не магу дакладна сказаць, хто праводзіў рэферэндум, але гэта было ўжо пад аўтаматамі. 
На маю думку, на той момант была пэўная змычка між мясцовымі ўладамі і тымі, хто прыйшоў з аўтаматамі. Таксама па паводзінах мне падалося, што нехта ўсімі імі разам кіраваў. На момант першага рэферэндуму першае пакаленне сапраўды падбілі галасаваць за ЛНР, ДНР дзеля прыяднання да Расеі. Яны верылі, што Расейская Федэрацыя ім паможа і яны будуць лепей жыць.

Гісторыя жыхаркі Алчэўска.

Я жыла ў г. Алчэўску Луганскай вобласці. Давялося з'ехаць, бо горад зараз акупаваны. Усё пачалося з захопу будынку гарвыканкама, захапілі СБУ – хаця яго й не захоплівалі, проста зайшлі, там ужо ўсё было гатова. Прыйшлі людзі, якія ўсё хацелі памяняць сцягі. Скінулі ўкраінскі сцяг, павесілі Наваросію. 
Праводзіліся мітынгі, якія хутчэй за ўсё былі арганізаваныя й праплачаныя. Казацтва было, асабліва ў Перавальску. Яны і ў Алчэўску, гэтыя казакі былі. Дачка мая з'ехала, калі ўнуку было 1,5 месяцы, давялося ўцякаць з-пад бамбёжкі, з-пад абстрэлаў. Я з'ехала з унукам у сярэдзіне чэрвеня. Мы зарэгістраваліся як перасяленцы й дагэтуль знаходзімся тут. 
Я бачыла танкі й людзей са зброяй 22 чэрвеня, калі банда Мазгавога зайшла ў наш горад з Севераданецка, адкуль іх пагналі. Танкі ездзілі па нашых вуліцах, маталіся ў бок Перавальска. Горад наш абстрэльваўся толькі раз – летась у жніўні, 3-яга ці 4-ага. 
Мы цяпер знаходзімся тут, таму аб пазнейшых падзеях ведаем толькі з інтэрнэту й ад знаёмых. Сярод нашых знаёмых ахвяр, дзякуй Богу, няма, але ёсць ахвяры сярод суседзяў. Людзі з суседняга дома, яны былі за ЛНРаўцаў, паехалі ў Селязнёўку, каб падзарабіць, і, відаць, трапілі некуды ў засаду. Іх ужо няма ў жывых. Шкада моладзь – ім яшчэ жыць, ствараць сем'і, а яны так з-за нечай дурасці гінуць. 
Мне здаецца, гэта на доўгія гады. Хочацца, каб усё гэта скончылася, але мяркую, гэта будзе Прыднястроўе нумар два.

Фота vchaspik.ua, donpress.comdialog.ua

Луганск пасля абстрэлаў
горад Алчэўск

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства