viasna on patreon

“Праваабарончая гуманітарная місія ва Украіне”: праца без выходных

2015 2015-06-22T11:07:33+0300 2015-06-22T11:21:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2015-06-20.harkau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Аўтухоў на выдачы адзення для перасяленцаў.

Леанід Аўтухоў на выдачы адзення для перасяленцаў.

Беларускія валанцёры з “Праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне” працягваюць сваю дзейнасць у складзе грамадскай дабрачыннай арганізацыі “Станцыя Харкаў”. У суботу і нядзелю колькасць наведвальнікаў з ліку вымушаных перасяленцаў з зона АТА, якія звяртаюцца па дапамогу, крыху меншая, чым звычайна.

У выходныя валанцёры займаліся выдачай вопраткі, пасцельнай бялізны і побытавай хіміі, працавалі на  гарачай лініі "Станцыі Харкаў".

 

“Дапамагалі пакаваць, выгружаць і загружаць мяхі з адзеннем, носім пачкі з адзеннем на месца яго выдачы, грузім атрыманыя ложкі, падмятаем – робім усё, за што можам узяцца. Харкаў віруе – тут пастаянныя канцэрты, пастаноўкі, паэтычныя чытанні. Увечары, некаму з нас дастаецца тэатр, а некаму - “Жадан і Собаки” пад цёплым харкаўскім дажджом, на плошчы, дзе ад Леніна застаўся адзін бот”, - паведамляюць валанцёры ў дзённіку місіі.

Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне

Валанцёры працягваюць запісваць гісторыі людзей, якія вымушаныя былі пакінуць сваю радзіму і перасяліцца ў Харкаў. Ніжэй прыводзіцца аповед перасяленкі, якая стала валанцёркай на “Станцыі Харкаў”.

“Я прыехала ў Харкаў у жніўні 2014 года з Данецкай вобласці. Ужо вясною было зразумела, што станецца нешта непапраўнае: вялася незразумелая агітацыя за ДНР, падрыхтоўка да рэферэндуму 11 траўня, як грыбы раслі блокпасты, зяўлялася зброя, фінансаванне тых, хто ўмее гучна крычаць: “Ура, Пуцін!”. Пастаянна праводзіліся сходы работнікаў прадпрыемстваў, на вуліцах – канцэрты-мітынгі. Прамывалі, карацей кажучы, мазгі!
Але пасля правядзення рэферэндума ўсё аціхла, спынілася праплата – і ўсе актывісты разам змоўклі. Аднак, калі ў нашым горадзе пачаліся баявыя дзеянні, гэта ліпень 2014 г. - вось гэтыя крыкуны першымі пачалі вывозіць сябе й свае сем'і, сваё майно, у Расею. Яны выдатна разумелі – калі ўкраінскае войска вызваліць гэтыя землі – ім адразу смерць.
Людзі не былі гатовыя да такіх перамен: горад быў перапоўнены прыезжымі незразумелых нацыянальнасцяў (чачэнцы ды інш.). Яны паводзіліся вельмі нахабна, як у сябе дома. Было боязна выйсці на вуліцу. 
Той, хто перажыў гэтыя страшныя падзеі ў сваім жыцці, ужо ніколі не забудзе, што найгалоўнае ў жыцці – мірнае неба на галавою й твая сям'я – цэлая, здаровая і ў поўным складзе. 
Гора аб'ядноўвае людзей: мы сядзелі ў падвалах, варылі есці на вагні (бо не было святла), хадзілі за вадою да калодзежаў і крыніц (вады таксама не было), і трымаліся адзін за аднаго!
У мяне маленькае дзіцё, і я была вымушаная з'ехаць, каб захаваць яму жыццё й душэўную раўнавагу. Яшчэ доўгі час яно плакала ўва сне, баялася кожнага гуку, людзей. 
Прыехаўшы сюды, мы трапілі на “Станцыю “Харкаў”, і тут пачалося новае жыццё.
З работаю дапамаглі псіхолагі – працую. Вялізная ім падзяка за гэта!!! А я дагэтуль хаджу на “Станцыю “Харкаў”, але ўжо на работу – я валанцёрка.
Я зразумела, што не змагу заставацца ўбаку ад таго, што адбываецца, я хачу ўдзельнічаць у дапамозе людзям, часам чалавеку дастаткова добрага слова й твае ўсмешкі дзеля таго, каб у яго з'явіліся сілы й жаданне йсці далей.
Мне гэта вельмі вядома: памагаючы тым, хто да нас прыходзіць, я разумею іх, бо сама прайшла тое, што хочацца забыць”.

Падрабязней пра надзённую працу валанцёраў можна даведацца ў раздзеле “Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне” на нашым сайце, альбо на старонцы місіі ў Facebook

Алег Жлутка не цураецца працы грузчыка
Чарга на "Станцыі Харкаў" у выходныя крыху меншая

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства