viasna on patreon

Бабруйск: з футбольных матчаў знікла беларуская мова

2015 2015-06-18T19:51:06+0300 2015-06-18T19:51:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belshina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бабруйску да ўчарашняга дня існавала добрая традыцыя паступовай "беларусізацыі" хатніх матчаў футбольнага клуба "Белшына". Ужо доўгі час па-беларуску друкуюцца праграмкі і афішы, вядзецца анлайн-трансляцыя, агучваецца ўся інфармацыя падчас матчаў. У перапынках паміж таймамі можна было пачуць беларускія песні, і ў тым ліку "Наша возьме" гурта Brutto на верш Якуба Коласа. Гэта песня гучыць на многіх стадыёнах Беларусі (у тым ліку на хакейных матчах) і дагэтуль ні ў кога не выклікала пытанняў. Але на матчы "Белшына"-"Славія" беларускія песні раптам перасталі транслявацца, і нават абвестку паміж таймамі дыктар зачытаў на рускай мове, што вельмі здзівіла пастаянных наведнікаў стадыёну "Спартак".

Сайт by.tribuna.com піша, што "канцу беларусізацыі" паспрыяў намеснік старшыні гарвыканкаму Аляксандр Маркачоў, які наведаў матч "Белшыны". Аўтар блогу "Мова спартова" Ігар Случак цытуе паведамленне аднаго з бабруйскіх заўзятараў, які сцвярджае, што менавіта песня на верш Коласа напалохала чыноўніка. І настолькі напалохала, што Маркачоў аддаў загад наогул забараніць на стадыёне песні на беларускай мове!

"Калі такі ганебны факт сапраўды меў месца, то гэта вельмі добры прыклад роўнасці двух дзяржаўных моў у Беларусі. Калі такога факту не было - значыць добра, і хвалявацца беларускім заўзятарам няма аб чым. Так ці інакш, гэта можна будзе праверыць на наступнай гульні, калі мы не пачуем у Бабруйску Міхалка, Вакарчука ці праста песняў па-беларуску", - піша аўтар блогу Ігар Случак.

Аляксандр Маркачоў, намеснік старшыні гарвыканкаму, раней займаў пасаду галоўнага гарадскога ідэолага, і пасля падвышэння не кінуў займацца "ідэалагічнымі" пытаннямі. У Бабруйску ён вядомы як галоўны "забароншчык" пікетаў ды іншых мірных акцый. Менавіта яго подпіс стаіць пад усімі афіцыйнымі адмовамі ў іх правядзенні.

фота з блогу "Мова спартова"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства