viasna on patreon

Кіраўніцтва гаспадаркі помсціць працаўніцам, якія пісалі скаргі — адна з іх ужо звольненая

2015 2015-06-17T13:36:00+0300 2015-06-17T14:25:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dajarka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за год працягваецца канфлікт групы працаўніц КСУП «Крыўск», што ў Буда-Кашалёўскім раёне, з кіраўніцтвам гаспадаркі. Некалькі даярак і аператар штучнага асемянення задалі «нязручныя» пытанні – спачатку кіраўніку сельскагаспадарчага прадпрыемства, а потым – у вышэйстаячыя інстанцыі ад райвыканкама да Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Скаргі ў розныя установы «вертыкалі ўлады» тычыліся немагчымасці прыватызаваць дамы ў вёсцы Крыўск па прымальным кошце, адсутнасці аплаты працы ў выходныя і святочныя дні, прэмій, матэрыяльнай дапамогі, неналежныя ўмовы працы, іншыя шматлікія парушэнні Жыллёвага, Працоўнага кодэксу, нарматыўна-прававых актаў.

У гаспадарку зачасцілі праверкі з кампетэнтных органаў, якія высветлілі, што сапраўды парушэнняў у дзейнасці кіраўніцтва гаспадаркі шмат. У выніку дырэктар КСУП «Крыўск» пакінуў сваю пасаду.

На вакантнае месца прыйшоў іншы дырэктар, які раней кіраваў прадпрыемствам «Беларуснафта-Асобіна» Аляксандр Ляйчонак. Дадзены кіраўнік стаў вядомы шырокай грамадскасці ў мінулым годзе дзякуючы скандалу: невядомы аўтар зняў на відэа, як на птушкафабрыцы «Беларуснафта-Асобіна» вядзецца гаспадарчая дзейнасць: дохлыя птушкі ляжаць па 5-6 дзён у трактарных прычэпах, вакол – бруд і смурод. Пасля відэа, якое з'явілася ў інтэрнэце, у адносінах дырэктара была ўзбуджана крымінальная справа. Па дадзеных следства, дырэктар птушкафабрыкі даваў незаконныя загады падначаленым павялічваць аб'ёмы вытворчасці з парушэннем тэхналагічнага працэсу. Каб павялічыць аб'ёмы вытворчасці, работнікі птушкафабрыкі павялічвалі колькасць яечак, якія закладваліся ў інкубатары, і шчыльнасць пасадкі куранят. Гэта прывяло да парушэння мікраклімату ў птушніках, што,у сваю чаргу, прывяло да масавай гібелі курэй. Гэтымі іншымі дзеяннямі дырэктар, па меркаванні СК, панёс прадпрыемству шкоду на больш чым мільярд рублёў. Восенню 2014 года крымінальная справа была перададзена ў пракуратуру, адкуль павінна была пайсці ў суд. Але сляды кіраўніка згубіліся – і вось ужо вясной 2015 года ён узначаліў КСУП «Крыўск».

На тых даярак і аператара штучнага асемянення, якія пісалі скаргі ў розныя інстанцыі, пачалася контратака. Так, з даяркай Ганнай Краснікавай, якая дваццаць гадоў прапрацавала ў гаспадарцы, заключылі новую працоўную дамову – з выпрабавальным тэрмінам у тры месяцы. Таксама яна ўжо атрымала спагнанне – вымову, нібыта за парушэнне тэхналагічнага працэсу пры даенні кароў. На ферму прыйшла адмысловая камісія, якая сачыла – як даярка выконвае свае абавязкі. Па словах даярак, якія супрацьстаялі кіраўніцтву, зараз на іх арганізаваныя татальныя праверкі.

Яшчэ суровей абышлося кіраўніцтва з аператарам штучнага асемянення Валянцінай Кулідобры – 20 траўня яе звольнілі з працы. Аператарам штучнага асемянення жанчына працавала ў гаспадарцы з 2003 года. Яна ўпэўнена, што звальненне з працы звязанае менавіта з тым, што жанчыны пісалі скаргі на парушэнні з боку кіраўніцтва гаспадаркі. Жанчына звярнулася з зыскам у суд Буда-Кашалёўскага раёна. Яна просіць прызнаць яе звальненне незаконным, аднавіць яе на працы і прымусіць гаспадарку выплаціць ёй грошы за час вымушанага прагулу. Таксама Валянціна Кулідобры просіць суд прызнаць незаконнымі новыя службовыя інструкцыі, распарадак працы і працоўную дамову, якія не адпавядаюць заканадаўству.

З падобнымі заявамі ў суд – прызнаць незаконнымі працоўныя дамовы, распарадак працы і службовыя інструкцыі звярнуліся ў раённы суд і некалькі даярак. Зараз суд Буда-Кашалёўскага раёна разбіраецца з дадзенымі справамі аб працоўных спрэчках.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства