viasna on patreon

Валанцёры-праваабаронцы: Мы назапашваем бясцэнны досвед гуманітарнай дзейнасці

2015 2015-06-17T09:29:41+0300 2015-06-17T12:06:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/harkau-misia-2015-06-16-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прыём і размеркаванне гуманітарнай дапамогі. На першым плане - Алег Жлутка.

Прыём і размеркаванне гуманітарнай дапамогі. На першым плане - Алег Жлутка.

Першая змена беларускіх валанцёраў, якія ў складзе  Праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне працавала ў Харкаве, развіталася з калектывам грамадскай ініцыятывы "Станцыя Харкаў". Іх змянілі яшчэ двое беларусаў – Алег Жлутка і Маргарыта Красікава.

Каб не губляць напрацаваны вопыт і не пачынаць працу з “чыстага ліста”, адбываецца паступовая ратацыя складу місіі: двое ранейшых валанцёраў застаецца, каб далучыць да працы навічкоў, затым  іх змяняюць іншыя, а былыя навічкі ў сваю чаргу перадаюць вопыт новай змене.

Беларускія валанцёры аказваюць самую разнастайную дапамогу  перасяленцам з часова акупаванай тэрыторыі і раёнаў АТА: прымаюць, грузяць і размяркоўваюць гуманітарную дапамогу,  працуюць на “гарачай лініі”, праводзяць анкетаванні ўцекачоў наконт эфектыўнасці працы мясцовай улады, сабесаў, займаюцца з дзецьмі часова перамешчаных асобаў.

 

 “Працуючы ў гуманітарнай місіі ва Ўкраіне, - дзеліцца сваімі думкамі валанцёр з Гарадка Леанід Аўтухоў, - мы назапашваем бясцэнны досвед самаарганізацыі, стварэння дзейсных суполак дзеля юрыдычнае і гуманітарнае дапамогі. "Станцыя Харкаў" працуе як жывы арганізм: ёсць склады, аказваецца юрыдычная дапамога, даюцца медычныя кансультацыі, выдаецца ежа, дзіцячыя памперсы - і ўсё гэта робіцца на на добраахвотнай аснове. Такі досвед абавязкова прыдасца нам у праваабарончай працы, а ў выпадку патрэбы - і ў гуманітарнай”.

Алег Жлутка, які некалькі дзён таму прыбыў у Харкаў, перакананы, што досвед, які набываецца менавіта тут, у Харкаве, адметны стасункамі з непасрэднымі ўдзельнікамі многіх драматычных падзей, будзь гэта сілавое супрацьстаянне ў самім Харкаве, ці вайсковыя дзеянні на Усходзе (аб якіх нам распавядаюць перасяленцы). Тут вучышся трохі па-іншаму думаць. Напрыклад, у людзях вельмі заўважнае ўменне радавацца кожнай дробязі. А такі досвед не праходзіць бясследна. Чаму б я ні навучыўся, гэта безумоўна прыдасца мне асабіста, а таксама тым, каму я, магчыма, некалі змагу дапамагчы - або так, як цяпер, або проста падзяліўшыся сваімі ведамі ды ўменнямі”.

Але самае галоўнае пад час працы ў складзе місіі, на думку Алега Жлуткі, гэта мець магчымасць дапамагчы іншым, навучыцца ў людзей, якія перамагаюць неспрыяльныя абставіны, а таксама уведаць праўду аб мясцовых падзеях і становішчы "з першых рук", ад непасрэдных удзельнікаў, назіральнікаў або ахвяр.

 

Актывіст з Віцебску Ян Дзяржаўцаў падзяляе пазіцыю калегаў і лічыць, што працуючы валанцёрам ва Украіне “можна атрымаць досвед, які можа спатрэбіцца пры працы ў якой-небудзь іншай краіне ў падобных абставінах. У нас будзе пэўны досвед, з чаго пачынаць, як усё праходзіць, як працуе арганізацыя, паколькі мы самі з'яўляемся непасрэднымі удзельнікамі, робячы тое, што табе даручаюць. Даводзілася працаваць фізічна, апытваць перасяленцаў, і нават аказваць дапамогу ў вырашэнні юрыдычных пытанняў”.

Падрабязней пра надзённую працу валанцёраў можна даведацца ў раздзеле“Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне” на нашым сайце, альбо на старонцы місіі ў Facebook

Ян Дзяржаўцаў і Леанід Аўтухоў у ролі зборшчыкаў мэблі.
У дзіцячым куточку "Станцыі Харкаў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства