viasna on patreon

На палітвязня Мікалая Дзядка ціснуць праз карцар

2015 2015-06-10T17:09:28+0300 2015-06-10T18:42:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dziadok-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

У папраўчай калоніі № 9 у Горках працягваецца ўзмацненне ціску на палітвязня Мікалая Дзядка. Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што 9 чэрвеня палітзняволены атрымаў сёмае спагнанне з моманту перавода ў калонію – 10 сутак штрафнога ізалятара за адмову ад працы.

12 мая Мікалай Дзядок быў пераведзены ў новае месца адбыцця пакарання - у калонію ПК-9 у Горках. А ўжо 13 мая ён быў змешчаны ў штрафны ізалятар, дзе правёў 5 сутак.  Літаральна праз дзень, 19 мая, яго зноў адправілі ў адзіночную камеру штрафнога ізалятара. З-за неналежных умоў (вельмі нізкай тэмпературы) Дзядок вельмі пакутаваў усю ноч, прасіў аб пераводзе ў іншае памяшканне. Урэшце каб звярнуць увагу дзяжурных па ШІЗА, раніцай 20 мая Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук, пасля чаго быў змешчаны ў медсанчастку. Пасля аказання першай медычнай дапамогі, Дзядка ізноў накіравалі ў тое ж памяшканне ШІЗА, дзе ён і знаходзіўся да 26 мая. Пасля чаго атрымаў новае спагананне – 3 сутак у штрафным ізалятары. Па вызваленні палітвязня хацелі накіраваць на працу – выраб драўляных падонаў, але праз нізкі заробак (з улікам усіх вылічэнняў застаецца толькі 5 тысяч рублёў) ён адмовіўся, за што 2 чэрвеня зноўку быў змешчаны ў ШІЗА, гэтым разам на 7 сутак. А 9 чэрвеня атрымаў чарговае спагнанне – з-за адмовы выходзіць на працу.

Агулам Мікалай Дзядок за непрацяглы час знаходжання ў калоніі ўжо правёў 22 дні ў штрафным ізалятары.

Па сцверджаннях медыкаў, такі працяглы час знаходжання ва ўмовах штрафнога ізалятара, дзе, як звычай, адсутнічае вентыляцыя, слабое асвятленне і нізкая тэмпература можа істотна пагоршыць стан здароўя зняволеных, паспрыяць абвастрэнню хранічных захворванняў.

Палітвязень вырашыў, што будзе абскарджваць шматлікія спагнанні.

Мікалай Дзядок адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў і павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015 года. Аднак 26 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў палітвязня па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» да 1 года зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 30 красавіка суд касацыйнай інстанцыі пакінуў гэты прысуд у сіле.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства