Заробак палітвязня Пракапенкі складае 50 тысяч беларускіх рублёў
8-9 чэрвеня адбылося доўгатэрміновае спатканне палітвязня Арцёма Пракапенка з бацькамі. Доўжылася яно фактычна меней за суткі - з 15 гадзін дня да 11 гадзін раніцы наступнага.
Падчас сустрэчы Арцём адзначыў, што ўмовы ўтрымання пагоршыліся: калонія перапоўненая, замест 10 чалавек на 24 кв.м., цяпер на той жа плошчы ўтрымліваецца 12 чалавек.
У дадзены момант палітычны зняволены працуе аператарам станка па вырабе цеплавых трубаў і атрымлівае заробак у 50 тысяч бел. руб. у месяц.
"Раней дзесьці я чытала, што сярэдні заробак у калоніях 800 тысяч беларускіх рублёў, а ў яго атрымліваецца - 50 тысяч. Раней ён зарабляў 20 000, цяпер 50 000 - і гэта лічыцца адным з вялікіх заробкаў", - распавяла маці палітвязня.
На здароўе Арцём Пракапенка не скардзіцца.
Нагадаем, палітвязень Арцём Пракапенка падаў прашэнне прэзідэнту краіны аб памілаванні яшчэ ў лютым 2015 года. Раней Аляксандр Лукашэнка публічна заяўляў, што «будзе зварот - будзе мой подпіс». Але 17 красавіка 2015 палітзняволены патэлефанаваў родным з магілёўскай калоніі і паведаміў, што яму адмовілі ў прашэнні без тлумачэння прычын.
"Арцём Пракапенка, асуджаны разам з Паўлам Сырамолатавым і Яўгенам Васьковічам на 7 гадоў пазбаўлення волі за спробу зняць на відэа акцыю пад бабруйскім КДБ у 2010м годзе, як і астатнія палітвязьні, заўжды меў статус злоснага парушальніка рэжыму ўтрымання. На Арцёма аказваўся ціск, каб ён напісаў заяву на памілаванне, як гэта зрабіў Павал Сырамолатаў у 2012 годзе і ў выніку чаго быў вызвалены. Нядаўна Арцём пагадзіўся на такі крок па просьбе бацькоў, але атрымаў адмову, што сведчыць пра змены ў палітычнай волі адносна лёса палітвязняў у параўнанні з сітуацыяй 2012 году", - каментуе сітуацыю юрыст Праваабарончага цэнтру "Вясна" Наста Лойка.