Рэкордны штраф – за права на свабоду слова
9 мільёнаў беларускіх рублёў мае выплаціць гомельская журналістка Наталля Крывашэй за тое, што відэасюжэт з яе удзелам выходзіў на тэлеканале Белсат. Суддзя Цэнтральнага райсуда Гомеля Марына Дамненка адхіліла амаль усе хадайніцтвы журналісткі адносна мовы працэсу, а таксама выслухоўвання паказанняў сведак. Наталля Крывашэй заяўляе, што падчас паседжання не было нават і намёку пра аб’ектыўнасць:
- Як можна казаць пра аб’ектыўнасць разгляду справы, калі на ўсе мае хадайніцтвы яна адмаўляла. Яна нават адмовіла, каб даў тлумачэнне сведка. Яна адмаўляла абсалютна ўсё. І напэўна з-за таго, што я вельмі шмат ёй давала адводаў, яна вельмі раззлавалася і прызначыла максімальную суму штрафа – 50 базавых велічыняў.
У Беларусі артыкул Адміністрацыйнага кодэксу 22.9 (незаконны выраб прадукцыі СМІ) выкарыстоўваўся 21 раз у дачыненні да незалежных журналістаў. Агульная сума спагнанняў перавышае сто мільёнаў беларускіх рублёў.