Правабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне: Колькасць перасяленцаў расце, дапамогі на ўсіх не хапае
Валанцёры Праваабарончай Гуманітарнай Місіі ва Украіне сумесна з арганізацыяй "Станцыя Харкаў" заклікаюць грамадскія арганізацыі ды актывістаў далучыцца да кампаніі па дапамозе перасяленцам з зоны АТА.
“У Харкаўскай вобласці вельмі шмат перасяленцаў. Яны жывуць як у самім горадзе Харкаве, так і ў менш буйных гарадах: Ізюм, Мерэфа і іншых”, – адзначае каардынатар місіі Зміцер Салаўёў.
Па афіцыйных звестках колькасць перасяленцаў у Харкаве – больш за 100 тысяч, але па ацэнках некаторых журналістаў яна ў некалькі разоў большая. Гэта звязана з тым, што шмат хто з перасяленцаў не праходзіў рэгістрацыю, прыехаў да родных ці ўладкаваўся на працу. Тым больш некаторым людзям прасцей вырашыць свае праблемы самім, бо падтрымка ад добрачынных арганізацый і ініцыятыў сапраўды мінімальная.
Беларускія валанцёры распавялі, што арганізацыя “Станцыя Харкаў” робіць праграму ваўчэрызацыі – апытанне тых перасяленцаў, якія знаходзяцца ў найбольш бядотным стане. Гэта ў першую чаргу сем’і з малымі дзецьмі, інваліды, сем’і, дзе ніхто не працуе. Пасля плануецца выдаваць карткі на бясплатнае атрыманне прадуктаў і рэчаў першай неабходнасці ў спецыялізаваных крамах.
“Найбольш запатрабаваныя рэчы – дзіцячыя. Сярод перасяленцаў – сотні маленькіх дзяцей і сотні жанчын, якія хутка народзяць, таму дзіцячая бялізна, вазкі, памперсы вельмі патрэбныя”, – кажа Зміцер Салаўёў.
Поўную інфармацыю аб патрэбах перасяленцаў з зоны АТА можна знайсці на сайце арганізацыі “Станцыя Харкаў”.