Мінгарвыканкам забараніў праводзіць сход БХД на плошчы Свабоды
Атрыманы адказ з Мінгарвыканкаму на правядзенне 13 чэрвеня з 11:00 да 15:00 у Мінску на Плошчы Свабоды ўстаноўчага з’езду партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Паводле намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі, на плошчы Свабоды з 2 траўня па 13 верасня "запланавана правядзенне іншага масавага мерапрыемства”.
"Улічваючы вышэйпададзенае, Мінгарвыканкам не дазваляе правядзенне 13.06.2015 з 11:00 да 15:00 на пляцоўцы каля будынка па адрасе плошча Свабоды 2а масавага мерапрыемства ў форме сходу з колькасцю ўдзельнікаў да 300 чалавек”, - гаворыцца ў адказе.
"Мы падавалі гэтую заяву як рэакцыю на тое, што беларускім хрысціянскім дэмакратам па надуманых прычынах адмаўлялі ў памяшканнях. Толькі пасля пасля званка з гарвыканкаму нам дазволілі правесці сход у ПК МТЗ. І калі зараз не будзе правакацыі, то з‘езд пройдзе там. Разам з тым, калі было дазволена правядзенне сходу на плошчы Свабоды, то мы б здолелі правесці і з’езд, і масавае мерапрыемства”, - адзначыў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.