Праваабарончая Гуманітарная Місія: дзённік валанцёраў
6 чэрвеня ўдзельнікі “Праваабарончай Гуманітарнай Місіі ва Украіне” Аляксей Колчын і Зміцер Салаўёў прынялі 134 звароты на "гарачую лінію" грамадскага дабрачыннага фонду "Станцыя Харкаў". Большасць зваротаў былі датычныя праграмы "ваўчарызацыі" - удакладненні, пытанні. Маргарыта Вялічкіна працягвала апытваць перасяленцаў на офісе Станцыі Харкаў. Гэтая праца праводзіцца па методыках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя – і тычыцца доступу да медычнага абслугоўвання ў зоне АТО - колькі было раней шпіталёў, колькі з іх працуе зараз, ці ёсць доступ да первічнай медычнай дапамогі і г.д.
“Пры абмеркаванні з супрацоўнікамі Станцыі Харкаў, мы высветлілі, якая патрэба ёсць у “гуманітарцы” - памперсы для дзяцей, памперсы для дарослых, бялізна для дзяцей, дзіцячыя вазкі. Для працы валанцёрам Станцыі Харкаў патрэбныя мабільныя тэлефоны. Калі хто можа дапамагчы сабраць гэтыя рэчы – пішыце,” - паведамляюць у дзённіку місіі беларускія валанцёры.
Удзельніца місіі Маргарыта Вялічкіна дзеліцца сваімі асабістымі ўражаннямі ў дзённіку місіі (#dzennikmisii):
“На працягу ўсяго часу, што мы тут знаходзімся, не пакідае адчуванне "іншай Украіны", Украіны да вайны і Украіны, на тэрыторыі якой вядуцца баявыя дзеянні. З аднаго погляду, быццам бы ўсё так і павінна быць: у крамах усё ёсць, у рэстаранах смачныя стравы, на вуліцах прыгожыя людзі, гучыць музыка. Але адчуваецца цішыня, дакладней, нейкая стрыманасць у зносінах людзей. Адчуваецца хаджэнне па нябачнай мяжы. Вось ідуць маладыя хлопцы ў форме АТО глядзець апярэту ў тэатры, ім усміхаюцца, іх атачаюць, падтрымліваюць. Божа, захавай іх! Паўсюль на плошчах, у скверах можна сустрэць вайскоўцаў: удзельнікаў АТО, добраахвотнікаў, міліцыянтаў з аўтаматамі. Гэта рэальнасць. Да гэтага прывыклі. Слёзы тут таксама рэальнасць, ніхто не зверне на цябе ўвагу, зразумеюць. Цяжка застацца абыякавым, размаўляючы з перасяленцамі з зоны баявых дзеянняў. Божа, дапамажы ім! Цяжка стрымліваць слёзы у часе пропаведзі ў перапоўненым касцёле, слова Божае адчуваецца вастрэй, больш балюча. Рэальнасць Украіны - будучыня. Маладая маці, перасяленка з Луганска сказала мне, што яна адрэзала ўсё негатыўнае, спадзяецца толькі на сябе, гатовая працаваць на двух работах, жыць, гадаваць дзіця. Як толькі яна з аптымізмам стала глядзець у будучыню, яе сталі атачаць такія ж людзі: спагадныя, бескарыслівыя, сапраўдныя. Слава Украіне!”
Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне пачала сваю дзейнасць у Харкаве 4 чэрвеня. У складзе першай групы – супрацоўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Надалей плануецца запрашаць жадаючых з іншых праваабарончых арганізацый.