13 аргументаў супраць таго, што ў калоніях цяпер «амаль як у арміі»
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка аналізуе праблемы, з якімі сутыкаюцца ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі з постсавецкай і еўрапейскай практыкай і прыводзіць 13 аргументаў супраць таго, што ў беларускіх калоніях цяпер «амаль як у арміі».
Функцыі крымінальнага пераследу і выканання пакарання ажыццяўляе адно ведамства - Міністэрства ўнутраных спраў, хаця агульнапрынятым з'яўляецца іх падзел.
У Беларусі існуе і выконваецца смяротнае пакаранне, якое, як неаднаразова заяўляў Камітэт па правах чалавека ААН, па самой працэдуры падпадае пад прыкметы катаванняў і бесчалавечных адносінаў як да самога пакаранага, так і да яго сваякоў.
Зніжэнне ўзроўню злачыннасці за апошнія 7-8 гадоў амаль удвая (на 90%) суправаджалася памяншэннем колькасці зняволеных толькі на 40%, з чаго становіцца зразумелым, што да рэальнай гуманізацыі практыкі правапрымянення яшчэ далёка, і пазбаўленне волі застаецца асноўным інструментам барацьбы са злачыннасцю. У СІЗА ўтрымліваецца амаль столькі ж асоб, колькі ў 2010 годзе, калі ўзровень злачыннасці быў у паўтара разы вышэй.
Беларусь - адна з нешматлікіх краін, дзе зняволеных калоній караюць пазбаўленнем спатканняў з роднымі. У Расіі, Казахстане і Малдове такой меры спагнання не прадугледжана. Беларускі зняволены ва ўмовах агульнага рэжыму можа сустрэцца з роднымі максімум 10 раз у год, малдаўскі - 16, туркменскі - 20 разоў.
Жанчыны, якія нарадзілі дзіця ў калоніі, не атрымліваюць ні аднаго з прадугледжаных у Беларусі відаў дапамог, у тым ліку - аднаразовай дапамогі пры нараджэнні дзіцяці; ім не даюць адпачынак па догляду за дзіцем, не зніжаюць норму выпрацоўкі і не кампенсуюць часу, выдаткаванага на кармленне. Пасля таго, як дзіця пакіне дом дзіцяці калоніі ў 3 гады і будзе накіраваны ў звычайны дзіцячы дом, ён убачыць маці толькі пасля яе вызвалення.
Зняволеныя самі аплачваюць сваё ўтрыманне ў калоніі і турме, адпаведныя вылікі робяцца з іх заробку. Імі выплачваюцца выдаткі па камунальных плацяжах, якія нясе калонія; харчаванню; забеспячэнню форменным адзеннем і абуткам, іншымі відамі забеспячэння. Пры гэтым зняволеныя паўсюдна прыцягваюцца да фінансавання расходаў месцаў пазбаўлення волі на рамонт і добраўпарадкаванне.
Абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне за зняволеных не выплачваюцца; на іх не распаўсюджваюцца правілы аплаты працы, прадугледжаныя Працоўным кодэксам. Адпачынак зняволенага ў два разы карацейшы, чым мінімальны на волі, і не аплачваецца.
Калі чыноўнікі МУС кажуць пра тое, што калоніі не перанаселеная, яны ўлічваюць айчынную норму плошчы на аднаго чалавека - 2 квадратныя метры жылой плошчы. Еўрапейскім стандартам ўжо даўно з'яўляецца 4 квадратных метры - удвая больш. Такія нормы адаптавала ў заканадаўства нават небагатая Малдова. Нават гэтая прыніжаная норма ў некаторых установах (СІЗА, асабліва ў «транзітных» камерах) не выконваецца.
Да выканання аплатных работ у месцах пазбаўлення волі прыцягнута за мінулы год толькі каля 70% зняволеных. Па заключэнні Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, зробленаму ў 2013 годзе па выніках сумеснага з ПЦ "Вясна" маніторынгу з выкарыстаннем дадзеных, прадстаўленых ЧКПУ «Платформа инновейшн», умовы працы і іх ўздзеянне на стан здароўя зняволеных супярэчаць шматлікім міжнародным абавязацельствам Беларусі ў галіне правоў чалавека.
Зняволеныя СІЗА ў Беларусі (каля 6000 чалавек) да прызнання іх вінаватымі судом пазбаўлены права абіраць. Выбарчага права пазбаўленыя ўсе асуджаныя да пазбаўлення волі.
Перапіска зняволеных і іх адвакатаў праходзіць цэнзуру. Адміністрацыя калоніі мае права не накіроўваць звароты зняволеных тым адрасатам, якія, на яе думку, не пасуюць для вырашэння названай зняволеным праблемы.
У беларускіх Лячэбна-працоўных прафілакторыях ўтрымліваюцца ва ўмовах пазбаўлення волі больш за 5 000 чалавек, якія не ўчынялі злачынстваў. Акрамя Беларусі, у Еўропе ЛПП ёсць толькі ў так званай Прыднястроўскай Малдаўскай рэспубліцы.
Грамадскі кантроль за дзейнасцю месцаў пазбаўлення волі, у тым ліку ЛПП, адсутнічае. Восем Грамадскіх наглядальных камісій за ўвесь 2014 за дзевяць выездаў наведалі сем з дваццаці васьмі месцаў пазбаўлення волі, ніякіх парушэнняў не ўстанавілі. ЛПП гэтыя камісіі наведваць не маюць права, а ў следчых ізалятарах маюць права кантраляваць становішча толькі асуджаных, якія адбываюць там пакаранне.