Праваабарончая Гуманітарная Місія стартавала ў Харкаве
Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне 4 чэрвеня пачала сваю дзейнасць у Харкаве. Як паведамляюць валанцёры ў дзённіку місіі на адмысловай старонцы ў facebook, у першы дзень яе ўдзельнікі займаліся падрыхтоўкай чарговай партыі гуманітарнай дапамогі для перасяленцаў з зоны ўзброенага канфлікту, а напрыканцы дня адбылася сустрэча са старшынёй грамадскай ініцыятывы "Станцыя Харкаў", у супрацы з якой дзейнічаюць беларусы, Евай Гукалавай. Беларускія праваабаронцы-валанцёры узгаднілі далейшыя накірункі сваёй дзейнасці па аказанні актуальнай дапамогі перасяленцам з зоны канфлікту.
“Сёння пачалі працу ў якасці валанцёраў "Станцыі Харкаў". З дасягненняў - на офісе арганізацыі падрыхтавалі для адпраўкі чарговую партыю гуманітарнай дапамогі, на пункце працы з перасяленцамі на вакзале актуалізавалі інфармацыю наконт парадку афармлення пропускаў за лінію размежавання і пракансультавалі наконт гэтага некалькі перасяленцаў. З заўтрашняга дня будзем працаваць на "гарачай лініі" (тэлефоны, па якіх звяртаюцца перасяленцы па дапамогу) і праводзіць анкетаванне перасяленцаў па розных пытаннях", - паведамляе ў дзённіку місіі яе каардынатар праваабаронца Зміцер Салаўёў.
У складзе першай групы Праваабарончай гуманітарнай місіі ў Украіне – супрацоўнікі Праваабарочага цэнтру “Вясна”. Надалей плануецца запрашаць жадаючых з іншых праваабарончых арганізацый.