viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Травень 2015

2015 2015-06-02T14:31:45+0300 2015-06-02T14:39:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/human_rights_violations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі

Травень 2015

1. Высновы:

- на працягу месяца пазітыўных зменаў у галіне правоў чалавека ў Беларусі не назіралася;

- у траўні атрымала сваё далейшае развіццё практыка ціску на палітвязняў: быў узмоцнены рэжым утрымання ў дачыненні да палітвязня Мікалая Статкевіча, да новага тэрміну пазбаўлення волі на два гады быў асуджаны палітвязень Юрый Рубцоў; палітвязні Ігар Аліневіч і Мікалай Дзядок сталі ахвярамі ціску ў выглядзе ізаляцыі ў штрафным ізалятары;

- улады Беларусі працягвалі адмаўляць наяўнасць палітвязняў у краіне, прызнаючы пры гэтым наяўнасць перашкодаў на шляху да нармалізацыі адносінаў з ЕС;

- 28 траўня А. Лукашэнка падпісаў Закон «Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў», палажэнні якога, паводле ацэнак праваабаронцаў, не распаўсюдзяцца на палітвязняў;

- працягвалася практыка ціску на незалежных журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, а таксама не дапусцiць ўладамі законнай журналісцкай дзейнасці;

- на працягу месяца зафіксаваныя шматлікія факты адмоваў мясцовых выканаўчых органаў улады ў задавальненні заяваў грамадзянаў аб правядзенні масавых мерапрыемстваў; у той жа час, зафіксаваныя факты прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці, у тым ліку ў выглядзе арыштаў, грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў мірных несанкцыянаваных сходах;

- у траўні стала вядома аб тым, што КПЧ ААН прыняў чарговае меркаванне, у якім ўстанавіў парушэнне Рэспублікай Беларусь права на жыццё расстралянага ў 2011 жыхара Гродна Алега Грышкаўцова. Гэта ўжо чацвёртае падобнае меркаванне КПЧ ААН, прынятае па індывідуальных зваротах прысуджаных і пакараных смерцю на момант разгляду зваротаў грамадзянаў Беларусі;

- 4 траўня афіцыйная дэлегацыя Рэспублікі Беларусь, якую ўзначальваў намеснік міністра замежных справаў Рэспублікі Беларусь Валянцін Рыбакоў, прыняла ўдзел у праходжанні працэдуры другога раўнда універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце па правах чалавека ААН. УПА – адна з нямногіх працэдураў ААН, якiя прызнаюцца Беларуссю[i].

2. Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадска-палітычных актывістаў

У траўні назіраўся працяг негатыўных тэндэнцыяў пагаршэння становішча палітвязняў.

4 траўня на тэрыторыі папраўчай калоніі № 9 г. Шклова прайшло судовае пасяджэнне, на якім было разгледжана пытанне аб змене рэжыму ўтрымання палітвязня Мікалая Статкевіча. Суддзя Шклоўскага раённага суда Святлана Баранцава прыняла рашэнне аб змене рэжыму ўтрымання і накіраванні Мікалая Статкевіча для далейшага адбыцця пакарання ў турму да заканчэння ўсяго тэрміну пазбаўлення волі – на 1 год, 7 месяцаў і 15 дзён.

Судовы працэс фактычна прайшоў у закрытым рэжыме. На яго не змаглі трапіць прадстаўнікі СМІ, праваабаронцы, у тым ліку старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі, юрыст Павел Сапелка, а таксама прадстаўнікі Еўрапейскага Саюза ў Беларусі. Супрацоўнік калоніі ў званні маёра паведаміў прысутным каля калоніі грамадзянам, што суд будзе закрытым і запатрабаваў адысці ад тэрыторыі, прылеглай да калоніі. Выключэнне было зроблена толькі для жонкі Статкевіча Марыны Адамовіч, якой дазволілі прысутнічаць на судовым працэсе[ii].

Пазней стала вядома, што Мікалай Статкевіч быў этапаваны ў турму № 4 г. Магілёва, адкуль трыма месяцамі раней ён быў адпраўлены ў шклоўскую калонію.

12 траўня палітвязень Мікалай Дзядок, асуджаны 26 лютага 2015 г. да аднаго года пазбаўлення волі па арт. 411 КК Рэспублікі Беларусь, быў этапаваны для далейшага адбыцця пакарання ў папраўчую калонію № 9 г. Горкі (калонія для асобаў, якiя раней адбывалi пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі)[iii]. За час знаходжання ў гэтай калоніі на М. Дзядка былі накладзеныя чатыры дысцыплінарныя спагнанні, у тым ліку два з іх – у выглядзе змяшчэння ў ШІЗА на 5 і 7 сутак. Падчас апошняга змяшчэння ў ШІЗА 19 траўня, ён утрымліваўся ў халоднай камеры. Спрабуючы прыцягнуць увагу адміністрацыі да парушэння сваіх правоў, раніцай 20 траўня М. Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны рук і жывата[iv].

Раней Еўрасаюз выступіў з заявай, у якой заклікаў улады Беларусі перагледзець прысуд Мікалаю Дзядку і неадкладна вызваліць яго, а таксама іншых палітвязняў[v].

3 траўня маці палітвязня Ігара Аліневіча стала вядома, што 22 красавіка ён быў змешчаны ў ШІЗА, дзе правёў некалькі сутак[vi].

27 траўня ў судзе Пружанскага раёна пачаўся судовы працэс па абвінавачванні палітвязня Юрыя Рубцова па арт. 415 КК Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі). 28 траўня суд прызнаў Юрыя Рубцова вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця пакарання і прысудзіў яго да двух гадоў пазбаўлення волі[vii].

Да суда Ю. Рубцоў утрымліваўся пад вартай у СІЗА г. Баранавічы, дзе трымаў галадоўку[viii].

Беларускія ўлады працягваюць адмаўляць наяўнасць праблемы палітвязняў у краіне, адзначаючы пры гэтым што «так званыя палітвязні» з'яўляюцца пэўнай перашкодай на шляху да наладжвання дыялогу з Еўрапейскім Саюзам. Пра гэта, у прыватнасці, заявіў журналістам міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей падчас свайго афіцыйнага візіту ў якасці кіраўніка урадавай дэлегацыі Беларусі на саміце «Усходняга партнёрства» ў Рызе[ix].

28 траўня А. Лукашэнка падпісаў Закон «Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў», палажэнні якога, паводле ацэнак праваабаронцаў, не распаўсюдзяцца на палітвязняў.

3. Пераслед журналістаў

Журналісты, якія супрацоўнічаюць са сродкамі масавай інфармацыі, якія не маюць акрэдытацыі ў Беларусі, па-ранейшаму знаходзяцца пад ціскам уладаў. У дачыненні да іх адвольна выкарыстоўваецца норма часткі 2 артыкула 22.9 КаАП, які прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і (або) распаўсюджванне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі[x]. Штрафам у памеры 4 500 000 рублёў пакараны Кастусь Жукоўскі (у трэці раз за два месяцы)[xi].

Скаргі на пастановы па адміністратыўных справах пакінутыя вышэйстаячымі судамі без задавальнення.

Супрацоўнікі незалежных СМІ сутыкаюцца з неабгрунтаванымі забаронамі і перашкодамі ў ажыццяўленні дзейнасці. Відэааператара незалежнага выдання «Бабруйскі Кур'ер» не дапусцілі на пляцоўку для журналістаў падчас святкавання Дня Перамогі ў Бабруйску[xii].

Гомельскія журналісты-фрылансеры Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі і ўтрымліваліся больш за тры гадзіны ў раённым аддзеле міліцыі за здымкі відэа каля будынку суда ў дзень, калі там разглядалася адміністратыўная справа Кастуся Жукоўскага[xiii].

Міністэрства інфармацыі накіравала некалькім сайтам зварот, у якім указвалася на выяўленне фактаў парушэння заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі гэтымі сайтамі і тлумачыліся прадугледжаныя Законам «Аб сродках масавай інфармацыі» наступствы распаўсюджвання недакладнай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам. Гэтым сайтам, у выпадку калі такія парушэнні будуць устаноўлены Міністэрствам інфармацыі, пагражае абмежаванне доступу.

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь звярнуўся ў Варшаўскі акруговы суд у мэтах выканання рашэння аб забароне выкарыстання таварнага знака тэлеканала «Белсат»[xiv]. Такія дзеянні ацэньваюцца як накіраваныя на стварэнне перашкодаў у дзейнасці адзінага незалежнага тэлеканала.

4. Смяротнае пакаранне

У траўні стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН устанавіў парушэнне права на жыццё па індывідуальным звароце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, жыхара Гродна Алега Грышкаўцова.

Варта нагадаць, што 14 траўня 2010 года Гродзенскі абласны суд прысудзіў А. Грышкаўцова і А. Бурдыку да смяротнага пакарання. 25 траўня 2011 года стала вядома, што прысуд у дачыненні да асуджаных быў прыведзены ў выкананне, нягледзячы на ​​рэгістрацыю індывідуальнага звароту А. Грышкаўцова ў КПЧ ААН у 2010 г. і прынятых Камітэтам захадаў тэрміновай абароны ў адпаведнасці з працэдурай № 92, пра што быў папярэджана МЗС і іншыя дзяржаўныя органы.

Гэта ўжо чацвёртае меркаванне, прынятае КПЧ ААН па індывідуальных зваротах грамадзянаў Беларусі, якое ўстанавіла парушэнне Беларуссю права на жыццё, а таксама права на справядлівае судовае разбіральніцтва, права на абарону і прымяненне катаванняў у дачыненні да тых, хто звярнуўся з скаргай[xv].

5. Адвольныя затрыманні

Працягваюцца выпадкі адвольнага затрымання і асуджэння да адміністратыўнага арышту грамадскіх актывістаў па надуманых абвінавачваннях у парушэнні грамадскага парадку і непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Увечары 7 траўня быў затрыманы, без падставаў абвінавачаны ў здзяйсненні дробнага хуліганства і пакараны адміністратыўным арыштам тэрмінам на 15 сутак адзін з фанатаў ФК «Дынама», Юрый Белавусаў; у яго міліцыяй канфіскаваныя персанальны кампутар і планшэт. Ёсць звесткі аб арышце яшчэ траіх фанатаў таго ж клуба[xvi].

6. Парушэнне свабоды асацыяцыяў, ціск на праваабаронцаў

3 траўня ў Гомельскае абласное ўпраўленне Следчага камітэта быў выкліканы для допыту ў якасці сведкі па крымінальнай справе старшыня гомельскага аддзялення РГА «Прававая ініцыятыва» Леанід Судаленка. Нагадаем, што Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 343 КК (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт) па факце распаўсюджвання парнаграфічных ролікаў нібыта з электроннай паштовай скрыні, што належыць праваабаронцу, з IР-адраса, зарэгістраванага ў грамадска-палітычным цэнтры на вул. Палескай, 52 у Гомелі. У межах справы былі праведзеныя ператрусы і канфіскацыя кампутарнай тэхнікі, як у грамадскім цэнтры, так і ў кватэры Л. Судаленкі[xvii].

24 траўня на літоўска-беларускай мяжы ў пункце пропуску «Каменны лог» у дачыненні да праваабаронцы Леаніда Судаленкі была праведзена аперацыя мытнага кантролю ў выглядзе асабістага дагляду, а таксама агляду рэчаў і аўтамабіля. Мытнікамі быў канфіскаваны ноўтбук Судаленкі «для праверкі». Праваабаронца ў гэты дзень вяртаўся з Форуму некамерцыйнага права, які праходзіў у Вільні 23-24 траўня[xviii].

Усе дадзеныя факты ціску на Л. Судаленку праваабарончыя арганізацыі Беларусі звязваюць з яго актыўнай праваабарончай дзейнасцю.

Заснавальнікі партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» атрымалі адмовы ў прадастаўленні памяшканняў для правядзення ўстаноўчага сходу партыі ў Менску. Варта адзначыць, што Мінюст ужо чатыры разы адмаўляў заснавальнікам дадзенай партыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі.

7. Парушэнне права на свабоднае выказванне меркаванняў, свабоду сходаў

8 траўня затрыманы, а 11 траўня прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага пікету Леанід Кулакоў. За знаходжанне са сцягамі і плакатам «Акупанты прэч» на Кургане Славы каля г. Менска напярэдадні прыезду туды прадстаўнікоў байкерскага клуба з Расіі «Начныя ваўкі» актывісту было прызначанае адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе адміністратыўнага арышту тэрмінам на 7 сутак[xix]. Гэты тэрмін ён адбываў ва ўмовах, якія можна расцэньваць як жорсткія, бесчалавечныя, якія прыніжаюць годнасць[xx].

12 траўня на яго было накладзена адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 5 400 000 рублёў за вывешаную расцяжку «Свабоду палітвязням»[xxi].

За знаходжанне са сцягамі і плакатам «Акупанты прэч» на Кургане Славы напярэдадні прыезду туды прадстаўнікоў байкерскага клуба з Расіі «Начныя ваўкі» па артыкуле 23.34 КаАП Вользе Нікалайчык быў прызначаны штраф у памеры 5 400 000 рублёў[xxii].

У Наваполацку Дзмітрый Дзякаў пакараны штрафам у памеры 3 600 000 рублёў за расцяжку з надпісам «БХД», змешчаную на агароджы гарадскога сквера[xxiii].

Грамадскія актывісткі Вольга Нікалайчык і Кацярына Садоўская за правядзенне акцыі-перфоманса, падчас якога да брамы амбасады РФ быў пакладзены пакет з жаночымі рэчамі – «касметычка начных ваўкоў», былі адвольна прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці па сфабрыкаваных міліцыяй матэрыялах. На Вольгу Нікалайчык накладзена спагнанне ў выглядзе 13 сутак адміністратыўнага арышту, на Кацярыну Садоўскую – у выглядзе штрафу ў памеры 10 800 000 рублёў[xxiv].

Разам з тым, мясцовыя органы забараняюць правядзенне адзіночных пікетаў і масавых мерапрыемстваў. Так, Брэсцкі гарвыканкам і Аршанскі райвыканкам адмовілі актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў правядзенні пікетаў супраць прымусовай працы ў сувязі з адсутнасцю ў іх адпаведных дамоваў з камунальнымі службамі, установай аховы здароўя і міліцыяй[xxv]. Такія ж адказы атрымалі актывісты партыі ў Лідзе, Слоніме, Астраўцы[xxvi] і Бабруйску[xxvii]. Беларускаму прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) было адмоўлена ў правядзенні 1 траўня мітынгу ў падтрымку прафсаюзаў і ў абарону сацыяльна-працоўных правоў і эканамічных інтарэсаў працоўных у сувязі з тым, што на заяўленай пляцоўцы – адной з нешматлікіх, вызначаных для правядзення масавых мерапрыемстваў, запланаваныя іншыя мерапрыемствы[xxviii]. Па той жа прычыне Менгарвыканкам адмовіў у трэці раз у правядзенні 15 траўня мітынгу грамадзянам, пацярпелым ад дзейнасці адной з будаўнічых кампаній[xxix].

У Шклове было адмоўлена ў прадастаўленні магчымасці правядзення круглага стала аб ролі мясцовага самакіравання і гісторыі Магдэбургскага права на шклоўскай зямлі[xxx].

Звароты арганізатараў у суд з адпаведнымі скаргамі на дзеянні органаў улады вынікаў не прыносяць[xxxi].

8. Жорсткае абыходжанне, катаванні

3 траўня ў г. Баранавічы супрацоўнікамі міліцыі былі жорстка збітыя з ужываннем спецсродкаў футбольныя фанаты, 56 з якіх былі затрыманыя і дастаўленыя ў ГАУС. Там ад іх запатрабавалі напісаць заявы пра тое, што яны не маюць прэтэнзій да супрацоўнікаў міліцыі[xxxii]. Скарга праваабаронцы Сяргея Гоўшы пракуратурай была пакінутая без увагі і накіравана для праверкі ў аддзел міліцыі, супрацоўнікі якога і парушылі закон[xxxiii].

9. Забарона прымусовай працы

6 траўня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўхваліла Дэкрэт Прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», які стварыў умовы для пашырэння практыкі прымянення прымусовай працы ў Беларусі[xxxiv].

[i] http://spring96.org/be/news/77090

http://spring96.org/be/news/77087

http://spring96.org/ru/news/77091  

http://spring96.org/ru/news/77088

[ii] http://spring96.org/be/news/77113

http://spring96.org/ru/news/77119

[iii] http://spring96.org/be/news/77223

[iv] http://spring96.org/be/news/77498

http://spring96.org/ru/news/77500

[v] http://spring96.org/be/news/77050

http://spring96.org/ru/news/77049

[vi] http://spring96.org/be/news/77160

http://spring96.org/ru/news/77161

[vii] http://spring96.org/be/news/77528

http://spring96.org/ru/news/77530

[viii] http://spring96.org/be/news/77233

http://spring96.org/ru/news/77236

[ix] http://news.tut.by/politics/449070.html

[x] Гэта юрыдычна няправільна, паколькі журналісты прадукцыю СМІ не вырабляюць і не распаўсюджваюць: гэтым займаецца рэдакцыя СМІ.

[xi] http://spring96.org/be/news/77415

http://spring96.org/ru/news/77419

[xii] http://spring96.org/be/news/77172

http://spring96.org/ru/news/77174

[xiii] http://spring96.org/be/news/77434

http://spring96.org/ru/news/77442

[xiv] http://spring96.org/be/news/77363

[xv] http://spring96.org/be/news/77085

http://spring96.org/ru/news/77086

[xvi] http://spring96.org/ru/news/77153

http://spring96.org/ru/news/77153

[xvii] http://spring96.org/be/news/77245

http://spring96.org/ru/news/77260

[xviii] http://spring96.org/be/news/77440

http://spring96.org/ru/news/77446

[xix] http://spring96.org/be/news/77189

http://spring96.org/ru/news/77190

[xx] http://spring96.org/be/news/77350

http://spring96.org/ru/news/77351

[xxi] http://spring96.org/be/news/77341

[xxii] http://spring96.org/be/news/77388

http://spring96.org/ru/news/77389

[xxiii] http://spring96.org/ru/news/77361

http://spring96.org/be/news/77354

[xxiv] http://spring96.org/be/news/77475

http://spring96.org/ru/news/77476

[xxv] http://spring96.org/be/news/77437

http://spring96.org/be/news/77449

[xxvi] http://spring96.org/be/news/77420

http://spring96.org/ru/news/77422

[xxvii] http://spring96.org/be/news/77514

http://spring96.org/ru/news/77515

[xxviii] http://spring96.org/be/news/77209

http://spring96.org/ru/news/77210

[xxix] http://spring96.org/be/news/77348

http://spring96.org/ru/news/77359

[xxx] http://spring96.org/ru/news/77082

http://spring96.org/be/news/77080

[xxxi] http://spring96.org/be/news/77416

http://spring96.org/ru/news/77421

[xxxii] http://spring96.org/be/news/77345

http://spring96.org/ru/news/77356

[xxxiii] http://spring96.org/be/news/77453

http://spring96.org/ru/news/77456

[xxxiv] http://spring96.org/ru/news/77093

http://spring96.org/ru/news/77093

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства