viasna on patreon

На гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага міліцыя склала яшчэ два пратаколы за «незаконны выраб прадукцыі СМІ»

2015 2015-06-01T12:36:04+0300 2015-06-01T12:36:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zukoyski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Канстанцін Жукоўскі

Канстанцін Жукоўскі

Складанне пратаколаў па артыкуле 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб прадукцыі СМІ) у дачыненні гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага міліцыя паставіла на канвеер. За апошнія два месяцы ў дачыненні фрылансера міліцыяй складзены ўжо пяць пратаколаў за прафесійную дзейнасць. Суд разгледзеў ужо тры пратаколы і пакараў Кастуся Жукоўскага буйнымі штрафамі.

Апошні раз адміністрацыйную справу ў дачыненні фрылансера разглядаў суд Гомельскага раёна 22 траўня і пакараў яго штрафам у памеры 25 базавых велічынь. Кастуся Жукоўскага абвінавацілі ў тым, што ў сакавіку 2015 года ён праводзіў відэаздымку ў вёсцы Чарацянка Гомельскага раёна. Потым па тэлеканале «Белсат» быў рэпартаж пра занядбаную царкву ў Чарацянцы. Фрылансеру паставілі ў віну тое, што ён працаваў без акрэдытацыі МЗС для замежнага СМІ.

І ужо 30 траўня журналіст-фрылансера атрымаў па пошце яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя Буда-Кашалёўскім РАУС і Цэнтральным РАУС Гомеля. І ў першым, і ў другім выпадку гаворка ідзе па відэаматэрыялы, якія міліцыя прызнала правапарушэннем.

Так, у пратаколе, складзеным начальніка аддзела грамадскага правапарадку і прафілактыкі аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля Юрыем Паніным, гаворыцца, што 15 красавіка на тэлеканале «Белсат» быў прадэманстраваны сюжэт пад назвай «Самагубства выкладчыцы». Відэа было знята з нагоды самагубства выкладчыцы ГДУ ім.Ф.Скарыны, якая магла пазбавіцца сваёй кватэры, таму што кіраўніцтва ВНУ юрыдычна аформіла кватэры выкладчыкаў як інтэрнат, і такім чынам зрабіла квадратныя метры прадметам маральных спекуляцый і маніпуляцый.

«Сюжэт незаконна вырабіў грамадзянін Кастусь Жукоўскі, які не мае акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у якасці карэспандэнта польскага тэлеканала», - міліцэйскі пратакол быў даволі лаканічны.

Аналагічны пратакол складзены Буда-Кашалёўскім РАУС за сюжэт на тэлеканале «Белсат» пра тое, як людзі праз «клопат пра народ» мясцовых чыноўнікаў прапісаныя ў літаральным сэнсе ў чыстым полі – іх дамы знеслі пры падрыхтоўцы да «Дажынак».

Такім чынам, гаворка ідзе пра сістэматычны пераслед Кастуся Жукоўскага, на якога міліцыя толькі і паспявае складаць пратаколы, а суд – караць буйнымі штрафамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства