viasna on patreon

FIDH і ПЦ “Вясна” занепакоены пагаршэннем сітуацыі з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі

2015 2015-06-01T00:01:04+0300 2015-06-01T08:59:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fidh-viasna-new.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і
Праваабарончага цэнтра “Вясна”

Пагаршэнне сітуацыі з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі

Парыж-Мінск, 29 траўня 2015 года

FIDH і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі Праваабарончы цэнтр “Вясна” глыбока занепакоеныя з нагоды пагаршэння умоваў утрымання палітычных зняволеных Юрыя Рубцова, Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка і Ігара Аліневіча.

28 траўня 2015 года суд Пружанскага раёна прысудзіў палітвязня Юрыя Рубцова да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па абвінавачанні ва ўхіленні ад адбыцця пакарання. Ю. Рубцоў адбываў пакаранне ў 1,5 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі адкрытага тыпу нібыта за абразу суддзі. Адкрыты тып рэжыму адбыцця пакарання дазваляў яму пакідаць тэрыторыю папраўчай установы, каб працаваць па накіраванні адміністрацыі папраўчай установы. Ён быў абвінавачаны ў адмове ад чатырох вакансій, аплату за якія сп. Рубцоў палічыў нізкай. FIDH нагадвае, што Ю. Рубцоў быў першапачаткова прыцягнуты да адказнасці за майку з надпісам “Лукашэнка, сыходзь”.

“Апошнія месяцы былі асабліва адзначаныя працягам тэндэнцыі да пагаршэння ў сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі. FIDH і ПЦ “Вясна” асуджаюць узмацненне ціску на палітычных зняволеных напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на лістапад 2015 года”, — заявіў Алесь Бяляцкі, старшыня ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт FIDH.

У красавіку 2015 года, абвінавачванні ў парушэнні рэжыму адбыцця пакарання былі прад’яўленыя экс-кандыдату ў прэзідэнты Мікалаю Статкевічу, які ў выніку быў прысуджаны да пераводу на турэмны рэжым адбыцця пакарання да канца тэрміну зняволення. Сп. Статкевіч, які быў асуджаны ў 2011 годзе па сфабрыкаваных абвінавачваннях у арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў, адбываў тэрмін у шэсць гадоў у папраўчай калоніі. Ад пачатку зняволення ён неаднаразова зазнаваў пераслед, у тым ліку праз змяшчэнне ў ізалятар, забарону на сустрэчы з сваякамі і харчовыя перадачы. Больш строгія ўмовы ўтрымання выкарыстоўваюцца ўладамі з мэтай далейшага ціску на былога кандыдата ў прэзідэнты, якога неаднаразова прымушалі падпісаць прашэнне аб памілаванні.

Працягваецца судовы пераслед і ціск супраць палітвязня Мікалая Дзядка. У лютым 2015 года тэрмін яго зняволення быў падоўжаны яшчэ на адзін год у дадатак да пакарання ў 4,5 гады, якое ён атрымаў у 2011 годзе. Тэрмін зняволення быў падоўжаны у сувязі з меркаванымі парушэннямі рэжыму адбыцця пакарання ў адпаведнасці з артыкулам 411 Крымінальнага кодэкса. Перад падаўжэннем тэрміну зняволення сп. Дзядок быў абвінавачаны ў 16 парушэннях, галоўнымі з якіх былі “нашэнне спартовага касцюма замест турэмнай робы” і “адмова прыбіраць камеру”. Кожнае з гэтых меркаваных парушэнняў каралася змяшчэннем у ізалятар, забаронай на харчовыя перадачы і сустрэчы з роднымі.

Пасля пераводу ў новую папраўчую ўстанову 12 траўня, сп. Дзядок быў змешчаны ў адзіночную камеру, дзе была нізкая тэмпература, асабліва ў начны час. Знаходзячыся ва ўмовах жорсткага абыходжання, М.Дзядок нанёс сабе траўмы. Паводле атрыманай інфармацыі, пасля аказання першай дапамогі ён быў змешчаны ў тую самую камеру, дзе ўтрымліваўся да 26 траўня.

Мала што вядома пра палітвязня Ігара Аліневіча. Ён быў пазбаўлены сустрэчы з сваякамі, якія не атрымліваюць ад яго інфармацыі ад пачатку траўня 2015 года, калі ён правёў дзесяць дзён у адзіночнай камеры. Яго родныя асцерагаюцца, што ён быў зноў змешчаны ў адзіночную камеру. Прысуджаны ў 2011 годзе да васьмі гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў “хуліганстве“, якое ён ніколі не прызнаваў, І.Аліневіч быў прынамсі шэсць разоў змешчаны ў адзіночную камеру з моманту пераводу ў калонію “Віцьба-3“ у ліпені 2014 года.

У кантэксце ўзмацнення прыкметаў адлігі паміж Мінскам і Захадам, FIDH і ПЦ “Вясна” звяртаюць увагу міжнароднай супольнасці на пагаршэнне ўмоваў зняволення, няспынны ціск і жорсткае абыходжанне з палітычнымі вязнямі і заклікаюць улады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць іх.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства