viasna on patreon

У праваабаронцы Леаніда Судаленкі беларускія памежнікі забралі ноўтбук

2015 2015-05-24T21:31:21+0300 2015-05-25T10:59:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudalenka-gomel-9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Л. Судаленка ў Камітэце па правах чалавека ААН

Л. Судаленка ў Камітэце па правах чалавека ААН

24 траўня на літоўска-беларускай мяжы ў пункце пропуску «Каменны лог» беларускія памежнікі праявілі пільную ўвагу да праваабаронцы Леаніда Судаленкі і забралі «для праверкі» носьбіты інфармацыі, у тым ліку ноўтбук. Праваабаронца ўдзельнічаў у Форуме некамерцыйнага права, які праходзіў днямі ў літоўскай сталіцы. «Радзіма сустрэла мяне халоднымі абдымкамі – і мяне, і аўтамабіль падверглі дагляду, прычым поўнаму. Як толькі памежніца ўбачыла маё прозвішча ў пашпарце – тут забегала пазногцямі па экрану, пачала тэлефанаваць начальству, якое дало загад на поўны дагляд», - пракаментаваў Леанід Судаленка.

«Здабычай» памежнікаў стаў стары ноўтбук праваабаронцы і праграма Форуму, у якім ён удзельнічаў. У красавіку пасля ператрусаў на офісе і ў кватэры Леаніда Судаленкі міліцыя забрала ў яго ўсе камп'ютары. «Таму я набыў сабе стары, б/у ноўтбук, але і гэты забралі на мяжы для нейкай праверкі», - дадаў суразмоўца. Нагадаем, у Гомелі была ўзбуджана крымінальная справа па факце распаўсюду парнаграфіі. Прэтэнзіі следчых тычыліся і праваабаронцы – маўляў, з яго электроннай скрыні і па Wi-Fi, зарэгістраваным на грамадска-палітычным цэнтры, былі дасланыя ролікі з парнаграфіяй на адрас інспекцыі па падатках і зборах па Савецкаму раёну Гомеля і упраўлення Следчага камітэту па Гомельскай вобласці.

«Сённяшнія «прыгоды» на мяжы я звязаю з цікавасцю спецслужбаў да маёй асобы, да маёй актыўнай праваабарончай дзейнасці. У пятніцу, калі я ўязджаў на тэрыторыю Літвы, да маёй асобы не было ў памежнікаў ніякай цікавасці, а на зваротным шляху – і дагляд, і ноўтбук забралі. Напэўна, такая пільная ўвага звязаная таксама і з крымінальнай справай па парнаграфіі. Гэта акцыя запалохвання», - лічыць Леанід Судаленка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства