Магілёўскія актывісты патрабуюць забяспечыць галадаючых медыкам
21 траўня група падтрымкі галадаючых жанчын звярнулася да галоўнага лекара паліклінікі №1 г. Магілёва.
Як паведаміў прадстаўнік інтарэсаў галадаючых Валадар Цурпанаў, 21 траўня галоўнаму лекару цэнтральнай паліклінікі быў дасланы зварот з просьбай забяспечыць пратэстуючых медыцынскім суправаджэннем. Пайшоў ужо пяты дзень, як жанчыны не ўжываюць ежу. Гэта можа даць пра сябе ведаць ў любы момант і ў гэтую хвіліну побач з жанчынамі мусіць быць лекар, які дапаможа пазбегнуць сур'ёзных праблем са здароўем.
На другі дзень галадоўкі, 19 траўня, Наталлі Кастагладавай і Наталлі Машкоўскай стала кепска. У жанчын пачаліся моцныя галаўныя болі. Хранічныя захворванні таксама нагадалі пра сябе. У Наталлі Кастагоравай, якая мае язву, пачалася рвота. У Наталлі Машкоўскай, у сваю чаргу, падскочыў ціск, таму што яна мае хворае сэрца. Жанчынам выклікалі хуткую дапамогу. Медыкі зрабілі невялікі агляд, замерылі ціск і з'ехалі. Гэта быў толькі другі дзень. Наперадзе - самае цяжкае і небяспечнае, таму жанчынам наўпрост неабходна мець побач лекара. Там больш, што яны настроены рашуча.
- Пакуль пытанне з жыллём не ссунецца з "мёртвай кропкі", жанчыны галадоўку не спыняць. Нават тыя, у каго ёсць хранічныя захворванні, здавацца не збіраюцца, - распавёў Валадар Цурпанаў.
Нагадаем, што год таму жыхароў кватэр з дома 59 па вуліцы Ленінскай перасялілі ў інтэрнат. Дом, які яны займалі дагэтуль, быў прызнаны небяспечным. За гады эксплуатацыі будынак прыйшоў у аварыйны стан і яго жыхароў вырашана было выселіць. Жыхарам кватэр плошчай 40-60 кв.м. прапанавалі пакоі ў інтэрнаце з разлікам 6 кв.м. на чалавека. Людзі абурыліся. А ўлады растлумачылі: дом №59, як дом №61(зараз на гэтым месцы стаіць ліцэй БРУ), заўсёды быў інтэрнатам. Магілёўцы не згодныя, бо ў іх захаваліся старыя ордэры на кватэры дома №59. А з боку ўладаў такіх папер няма: тэхнічны пашпарт на дом "раптам" знік.
Жыхары дома №59 падазраюць, што ўлады маюць намер прадаць іх дом інвестару, які скарыстае яго дзеля бізнесу. І жыхары наўпрост перашкаджаюць гэткаму плану.
Суды па справе магілёўцаў не прынеслі плёну. Таму жыхары адважыліся на адчайны крок і абвесцілі пра галадоўку. Такім чынам яны спадзяюцца прыцягнуць ўвагу грамадскасці і ўладаў да іх праблемы. У выніку магілёўцы разлічваюць на тое, што ім вернуць старыя кватэры або прапануюць новыя. Пакуль рэакцыі з боку ўладаў няма.
21 траўня прадстаўнікі актыўнай часткі грамадскасці вырашылі аб'яднацца і абвесцілі пра стварэнне групы падтрымкі галадаючых жыхароў дома №59. Актывісты лічаць, што жанчыны мусяць адчуваць, што ёсць тыя, хто спачувае і ў любы момант гатовы прыйсці на дапамогу.