Гомель: супрацоўнікі «хуткай» прапанавалі, каб медыцынскую дапамогу на пікетах і мітынгах аказвалі... камунальныя службы
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 20 траўня прайшло чарговае слуханне грамадзянскай справе па скарзе старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Уладзіміра Сякеркі на дзеянні службовых асоб гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі і цэнтральнай гарадской паліклінікі. Скарга звязана з немагчымасцю правесці ў Гомелі масавыя мерапрыемствы.
9 снежня 2014 года гомельскія левыя планавалі правесці ў абласным цэнтры пікет. Згодна з рашэннем гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах», заяўнікі пікету абавязаны да правядзення масавага мерапрыемства заключыць платныя дамовы з медыкамі і камунальнымі службамі – на медыцынскую дапамогу і прыборку тэрыторыі. Уладзімір Сякерка звярнуўся да кіраўніцтва мясцовай хуткай дапамогі з просьбай заключыць дамову на медыцынскае абслугоўванне пікета.
«Хуткая» дала адказ, што «ў сувязі з пастаянна растучай нагрузкай на станцыю хуткай дапамогі, якая звязана з павелічэннем захворванняў, не маем магчымасці заключыць з вамі дамову». Медыкі яшчэ ў кастрычніку далі прагноз і зазірнулі ў будучыню, што ў снежні ў іх будзе павелічэнне колькасці выклікаў.
Такім чынам, у чарговы раз права на свабоду выказвання і мірных сходаў было парушана. Згодна заканадаўству, дзяржаўныя органы павінны спрыяць рэалізацыі правоў грамадзян, у Гомелі ж выходзіць, што службовыя асобы ствараюць перашкоды грамадзянам. Нагадаем, што з 2004 года ў абласным цэнтры не быў праведзены ніводзін мітынг ці пікет па ініцыятыве апазіцыі ці дэмакратычных НДА. Усе планаваныя масавыя мерапрыемствы былі забаронены.
Уладзімір Сякерка просіць суд прызнаць дзеянні станцыі хуткай дапамогі і цэнтральнай паліклінікі неправамоцнымі.
Інтарэсы станцыі хуткай дапамогі на судзе прадстаўляла юрысконсульт Алеся Аўсяннікава, Цэнтральную гарадскую паліклініку прадстаўляў Максім Новікаў. Медыкі даводзілі на судзе, што яны ніяк не маглі станоўча адказаць на просьбу заключыць дамову, бо прагназавалі, што ў прызначаны час – з 16.00 да 18.00 9 снежня ў іх будзе шмат выклікаў. Лідар гомельскіх левых спытаўся ў Алесі Аўсяннікавай, і такое ж пытанне прадстаўніцы «хуткай» адрасаваў суд: «Ці можа хуткая дапамога ўказаць дакладны час, дату – дзень і месяц, калі медыкі здолеюць заключыць дамову і абслужыць пікет ці мітынг? Калі ў іх будзе найменшая загрузка»? «Мы не можам такое прагназаваць», - адказала прадстаўнік «хуткай». Разам з тым, у выпадку з заяўкай на пікет медыкі здолелі прагназаваць падзеі за два с паловай месяцы.
«Калі кожны тыдзень будзе падавацца заяўка на пікет, то тэарэтычна калі-небудзь вы зможаце гэтую заяўку задаволіць і заключыць дамову?» - спыталася ў прадстаўніцы «хуткай» суддзя Алена Цалкова. Алеся Аўсяннікава адказала станоўча. Тэарэтычна – так, практычна ж, як бачым – ніяк.
Прадстаўнік Цэнтральнай паліклінікі Максім Новікаў прапанаваў лідару абласной арганізацыі партыі левых звяртацца з просьбай аб заключэнні дамовы на медыцынскае абслугоўванне не ў «хуткую», а іншыя арганізацыі. Напрыклад... камунальныя службы. «Вы ж заключылі дамову з прадпрыемствам «ГорСАП» на прыборку тэрыторыі, вось і да іх жа звярніцеся за заключэннем дамовы на медыцынскае абслугоўванне. «ГорСАП» мае ліцэнзію Міністэрства аховы здароўя на аказанне першаснай медыцынскай дапамогі», - патлумачыў прадстаўнік паліклінікі.
Ён дадаў, што ліцэнзію на аказанне першаснай медыцынскай дапамогі маюць таксама дзясяткі гомельскіх прадпрыемстваў - «Гомельэнерга», «ТЭЦ» і так далей. Максім Новікаў патлумачыў, што на прадпрыемствах ёсць «здравпункты», дзе працуюць медыцынскія сёстры, якія могуць аказаць першасную медыцынскую дапамогу.
Суд працягнецца 26 траўня – суддзя выклікала ў якасці зацікаўленага бока прадстаўнікоў гарвыканкаму.
«Пасля паседжання сёння, і не першага прычым, суд Цэнтральнага раёна ў чарговы раз прыйшоў у тупік і не можа прыняць рашэння. Суддзя нібыта хоча разабрацца ў сітуацыі, але тое рашэнне гарвыканкаму, якое зараз існуе, не дазваляе ажыццявіць заяўку на правядзенне пікета. Ці трэба змяняць у трэці раз рашэнне выканкаму, ці вырашаць у судзе – як жа ўсё ж можна ажыццявіць правядзенне масавых мерапрыемстваў. Улады павінны спрыяць, а тут робіцца ўсё, каб іх не дапусціць. Я не думаю, што пытанне вырашыцца станоўча для нас, таму што пытанне тут не гаспадарчае, гэта палітычнае пытанне. Не хочуць улады чуць, што гавораць людзі, тым больш у цяперашнім цяжкім эканамічным становішчы, калі і кошты растуць, і заробкі зніжаюцца. Наўрад ці задаволяць нашу скаргу», - пракаментаваў Уладзімір Сякерка.