viasna on patreon

Алесь Бяляцкі заклікаў ЕС захоўваць выразныя каштоўнасныя крытэры ў адносінах з рэжымамі Беларусі і Азербайджана (відэа)

2015 2015-05-20T14:24:29+0300 2015-05-20T14:37:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-eapcsc-lv.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі на Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Рызе. 20 траўня 2015

Алесь Бяляцкі на Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Рызе. 20 траўня 2015

20 траўня кіраўнік ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі выступіў на Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Рызе.

Выступленне беларускага праваабаронцы адбылося ў рамках сесіі "Грамадзянская супольнасць як стратэгічна зацікаўлены бок ва Усходнім партнёрстве". Разам з Алесем Бяляцкім у абмеркаванні прынялі ўдзел Алег Рыбачук, грамадзянскі актывіст і былы віцэ-прэм'ер-міністр Украіны, Сандра Калніеце, дэпутат Еўрапейскага парламента, былая міністр замежных спраў Латвійскай Рэспублікі, Юрыс Пойканс, латвійскі пасол па асобых даручэннях па Усходнім партнёрстве, а мадэратарам выступіў Кшыштаф Бабінскі, сустаршыня Каардынацыйнага камітэта Усходняга партнёрства Форуму грамадзянскай супольнасці з Польшчы.

Удзельнікі дыскусіі абмяркоўвалі стан спраў у краінах-удзельніцах Усходняга партнёрства з ЕС і іх асноўныя праблемы на шляху да рэформаў, ролю грамадзянскай супольнасці ў нацыянальнай палітыцы, рэгіянальных адносінах і Усходнім партнёрстве ў цэлым. Асноўная ўвага ў абмеркаванні была засяроджана на тым, як можна падвысіць патэнцыял грамадзянскай супольнасці і яе ўдзелу ва Усходнім партнёрстве.

Алесь Бяляцкі ў пачатку свайго выступу падзякаваў прадстаўнікам няўрадавых арганізацый з розных краінаў Усходняга партнёрства за падтрымку, аказаную яму ў гады зняволення, і, прывёўшы прыклад Азербайджана, заклікаў разам дамагацца вызвалення сваіх калегаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці.

Апісваючы сітуацыю ў краінах Усходняга партнёрства, праваабаронца звярнуў увагу на тое, як хутка яна змяняецца.

«Калі мы ўспомнім, падчас стварэння Усходняга партнёрства [устаноўчая сустрэча адбылася ў Празе 7 траўня 2009 года - рэд.] існавала формула "5+1": пяць краінаў знаходзіліся прыкладна на адным узроўні развіцця дэмакратыі і памкнення да кантактаў з Еўрапейскім Саюзам, а адна, Беларусь, была прычапным вагонам, з якім не ведалі што рабіць. За апошнія гады адбыліся хуткія і сур'ёзныя змены, і першапачатковая формула змянілася, можна сказаць, што цяпер яна выглядае як "3+1+2". І калі ёсць краіны, якія зрабілі вялікі прарыў, каб наблізіцца да еўрапейскай супольнасці, прыклалі нейкія гераічныя намаганні, прайшоўшы праз войны, людскія страты і пакуты, то, зразумела, што гэтыя краіны павінны мець ясны сігнал ад Еўрапейскага Саюза аб тым, што яны маюць еўрапейскую перспектыву, таму што плацяць за гэта вялікі кошт. Вядома ж, мы спадзяемся, што былыя суседзі па "турме народаў" (як называлі Расійскую Імперыю, а затым і Савецкі Саюз) лепш разумеюць сітуацыю, у якой знаходзімся мы самі, і ў нейкай ступені маюць маральны абавязак дапамагчы гэтым тром краінам [гаворка ідзе пра Грузію, Малдову, Украіну - рэд.], якія на сённяшні дзень праяўляюць відавочнае жаданне ўвайсці ў сям'ю еўрапейскіх народаў. У незразумелым стане знаходзіцца Арменія, якая хоча сябраваць з усімі. Але так не бывае, рана ці позна давядзецца рабіць гэты выбар. І мне здаецца, што роля грамадзянскай супольнасці ў вызначэнні гэтага выбару ў Арменіі будзе вельмі вялікая  бліжэйшым часам. Сітуацыя ў Азербайджане вельмі пагоршылася за апошнія пару-тройку гадоў, і фактычна цяпер апошні дыктатар Еўропы Аляксандр Лукашэнка аддаў гэтыя лаўры іншым прэзідэнтам, і цяпер ён, напэўна, трэці дыктатар. Ільхам Аліеў абагнаў яго, паколькі больш за сто палітвязняў у Азербайджане, разгром грамадзянскай супольнасці, пераслед незалежнай прэсы - там зараз адбываюцца трагічныя падзеі, калі грамадзянская супольнасць знішчаецца і на нашых вачах і на вачах Еўропы. У той жа час Ільхам Аліеў будзе заўтра ў Рызе, і як гэта сумясціць - я не зусім разумею...
Выразныя каштоўнасныя крытэрыі ў дачыненні да краін
аў з аўтарытарнымі рэжымамі, якія ўваходзяць ва Усходняе партнёрства, гэта датычыцца Беларусі і Азербайджана, яны таксама павінны прысутнічаць. Нельга даваць нейкіх прывілеяў тым краінам, у якіх сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратычнымі свабодамі пагаршаецца», - сказаў Алесь Бяляцкі.

Ён падкрэсліў, што натуральным саюзнікам Еўрапейскага Саюза ў гэтых дзяржавах з'яўляецца грамадзянская супольнасць: «Грамадзянская супольнасць з'яўляецца тым лакаматывам, які цягне нашыя краіны ў еўрапейскую супольнасць. Усходняе партнёрства не павінна ператварыцца ў механізм падтрымкі аўтарытарных рэжымаў, яно павінна быць інструментам абароны еўрапейскіх каштоўнасцяў і падтрымкі тых слаёў грамадства, грамадзянскай супольнасці, якія падзяляюць гэтыя каштоўнасці. Усходняе партнёрства павінна быць платформай падтрымкі дэмакратыі і правоў чалавека».

Пры гэтым праваабаронца адзначыў, што палітыка ўцягвання дзяржаваў у еўрапейскую супольнасць не спрацоўвае, і прывёў актуальны прыклад Азербайджана: «Зараз мы бачым, як Азербайджан уцягнулі ў Савет Еўропы і не ведаюць, што з гэтым рабіць, таму што гэтая дзяржава груба парушае ўсе нормы і правілы, па якіх аб'ядноўваюцца краіны ў Савеце Еўропы».

«Трэба дамагацца пазітыўных зменаў у Беларусі і Азербайджане не праз заігрыванне з аўтарытарнымі ўладамі і не праз фінансаванне, якое ўмацоўвае гэтыя рэжымы, а праз падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў нашых краінах», - заклікаў Алесь Бяляцкі Еўрапейскі Саюз.

На думку кіраўніка "Вясны", гарызантальныя сувязі і салідарнасць паміж грамадзянскай супольнасцю Беларусі і Азербайджана - залог аптымізму ў будучыні гэтых краінаў.

Алесь Бяляцкі заклікаў ЕС захоўваць выразныя каштоўнасныя крытэры ў адносінах з рэжымамі Беларусі і Азербайджана (відэа)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства