Леанід Кулакоў: Я называў гэта "камерай катаванняў"
Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў распавёў ПЦ “Вясна” пра ўмовы ўтрымання ў Смалявічскім ізалятары часовага ўтрымання, дзе правёў 7 сутак адміністрацыйнага арышту.
“IЧУ знаходзіцца ў будынку самога РУУС у падвальным памяшканні, усяго там 6 камер. У камеры поўны паўзмрок, сцены і падлога - бетонныя, тры койкі металічныя. Выдаецца тоненькі матрацік, праўда, мне выдалі амаль новую бялізну.
Дзённага святла няма. Не было таксама рукамыйніцы, прыбіральні. Замест туалета стаяла 10-літровае вядро з вечкам. Пах вельмі жудасны, мяне пастаянна ванітавала. І пры гэтым смуроду трэба было яшчэ нешта есці.
Памяшканне вельмі халоднае. Мяне забралі з дому, я быў вельмі лёгка апрануты, і мяне ўвесь час там калаціла ад холаду. Калі зачыніць маленькае акенца, будзе трошкі цяплей, але будзе стаяць смурод. Калі акно адкрыць, смурод трошкі знікае, але будзе холадна. Я называў гэта «камерай катаванняў».
У камеры няма стала, тумбачак, крэслаў, лавак.Адзінае, што можна адзначыць станоўчае: зварот супрацоўнікаў па імю па бацьку і на "вы", пастаянна прыносілі кіпень, каб мы канчаткова не змерзлі.
Але за ўвесь час мяне ні разу не выводзілі на прагулкі”.
Аднак, “Правіламі утрымання фізічнай асобы, у адносінах да якой прыменена адміністрацыйнае затрыманне” прадугледжаны штодзённыя прагулкі не менш за 2 гадзіны, а камеры абсталёўваюцца сталом і лаўкамі, санітарным вузлом, рукамыйніцай (па магчымасці), а таксама кранам з вадаправоднай вадой (бачком з пітной вадой), тумбачкай для захоўвання туалетных прыладаў, урнай для смецця, вентыляцыйным абсталяваннем, пры наяўнай магчымасці сеткавым радыёпрыёмнікам і тэлевізарам.
Нагадаем, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Леанід Кулакоў быў затрыманы ў Мінску каля свайго дома 8 мая ў 21.30. Ён быў абвінавачаны ў несанкцыянаваным пікеце і асуджаны Смалявічскім судом да адміністрацыйнага арышту на 7 сутак.