Баранавічы: праваабаронца просіць пракуратуру праверыць факты збіцця міліцыяй аматараў футбола
Праваабаронца Сяргей Гоўша накіраваў скаргу ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру на дзеянні адказных асоб Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, якія заключаліся ў збіцці футбольных фанатаў. Праваабаронца адзначыў, што з інтэрнету даведаўся аб сутычцы каля касаў стадыёна “Лакаматыў” горада Баранавічы паміж супрацоўнікамі АМАПа і футбольнымі аматарамі. Гэты інцыдэнт адбыўся 3 траўня напярэдадні матча першай лігі чэмпіяната Беларусі паміж мясцовым футбольным клубам “Баранавічы” і магілёўскім “Дняпром”.
Сяргей Гоўша ўказвае, што па словах аднаго з заўзятараў, супрацоўнікі АМАПа пачалі біць фанатаў пасля таго, як госці, выкрыкваючы лозунг “Магілёў”, накіраваліся ў бок фанатаў клуба “Баранавічы” і замест уціхамірвання магілёўцаў міліцыя пачала затрымліваць і збіваць баранавіцкіх аматараў футбола, выкарыстоўваючы спецсродкі і фізічную сілу. Затым каля 40 баранавіцкіх і 16 магілёўскіх затрыманых фанатаў даставілі ў ГАУС, дзе прымусілі іх падпісаць заявы, што яны не маюць аніякіх прэтэнзій да супрацоўнікаў міліцыі. Сяргей Гоўша мяркуе, што такія дзеянні супрацоўнікаў міліцыі відавочна выходзяць за межы прадастаўленых ім правоў і паўнамоцтваў і здзейснены наўмысна, дыскрыдытуюць МУС, садзейнічаюць фармаванню ў грамадстве ілжывага ўяўлення аб уседазволенасці прадстаўнікоў улады, прыносяць істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян.
Праваабаронца Сяргей Гоўша просіць правесці праверку дадзенай інфармацыі і даць прававую ацэнку пазначаных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, а таксама прыняць меры па прыцягненню да адказнасці вінаватых службовых асоб.
Фота: belultras.by