У Магілёве пяць чалавек распачалі бестэрміновую галадоўку
Людзі пратэстуюць супраць незаконнага перасялення іх з кватэр у інтэрнат і патрабуюць вярнуць ім альбо старае жыллё, альбо выдаць іншыя кватэры ў межах горада.
Сёння, 18 траўня, пяць жыхароў выселенага д.59 па вуліцы Ленінскай пачалі бестэрміновую галадоўку. Грамадзяне вычарпалі ўсе магчымыя законныя спосабы, каб бараніць свае правы і перайшлі да крайняй меры.
Падштурхнула іх да гэтага абыякавасць да іх праблемы чыноўнікаў і суддзяў.
У 2014 годзе дом, у якім яны жылі, быў прызнаны аварыйным, і жыхароў дома ў экстранным парадку перасялілі ў інтэрнат будаўнічага трэста №12. Замест кватэр плошчай 40-60 кв.метраў, у якіх яны пражылі чатыры пакаленні, ім выдалі ў інтэрнаце пакоі, з разлікам 6 кв.м.на чалавека. Тым часам у грамадзян маюцца на руках ордэры на выдадзеныя ім кватэры.
Падчас судовых працэсаў у 2009 годзе жыхары д.59 па вуліцы Ленінскай даведаліся, што жывуць не ў кватэрах, а ў інтэрнаце. Тэхпашпарта на д.59 у архіве не захавалася. Грамадзяне падазраюць, што яго наўмысна знішчылі, каб вырашыць праблему з выдачай ім новага жылля.
Пра гэта сведчыць і той факт, што падчас аднаго з судовых пасяджэнняў у якасці сведкі не была дапушчана былая майстар па абслугоўванні жылога фонда Пратасава, якая працавала ў будаўнічым трэсце №12 з 1973 па 2009 гады. Жанчына пазней натарыяльна засведчыла свае паказанні, паводле якіх д.59 па тэхпашпарту праходзіў як дом без зручнасцяў. Такім домам ён быў ад самага пачатку.
Юрыст Алена Барысава цягам года дапамагала грамадзянам бараніць свае правы.
-Шматлікія звароты да чыноўнікаў у разнастайныя інстанцыі не далі ніякага выніку. Ні Адміністрацыя прэзідэнта, ні Генеральная пракуратура, ні мясцовыя выканкамы не хочуць вырашаць праблему людзей, якія ў адно імгненне засталіся без жылля. Маю падазрэнне, што тут не абыйшлося без карупцыйных схем. Зараз чыноўнікі спрабуюць выдаць некалі існаваўшы д.61 за існуючы д.59. Адно адрозненне – д.61 сапраўды быў інтэрнатам, а д.59 ад самага пачатку быў домам без зручнасцяў, - кажа Алена Барысава.
На месцы некалі існаваўшага д.61 цяпер знаходзіцца ліцэй Беларуска-расійскага ўніверсітэта, а таксама супермаркет “Форум”.
З афіцыйнай перапіскі жыхароў з будаўнічым трэстам №12 вядома, што яшчэ ў 2007 годзе будтрэст шукаў інвестараў, каб з дапамогай іх вырашыць пытанне з рассяленнем грамадзян і знесці стары дом, які за сваю доўгую гісторыю эксплуатацыі паступова прыйшоў у аварыйны стан.
Адна з ініцыятарак галадоўкі Святалана Бурак кажа, што да галадоўкі іх падштурхнула істотнае пагаршэнне ўмоваў жыцця, а таксама непачутасць людзей чыноўнікамі.
-Напярэдадні галадоўкі мы выслалі ўведамленні на адрас Магілёўскага гарвыканкама, Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскую абласную пракуратуру, Генеральную пракуратуру, Адміністрацыю прэзідэнта аб тым, што пачынаем галадоўку. Рэакцыя на нашы лісты пакуль нулявая. Праблема наша не вырашаецца, а факты, па якіх нам мусяць даць іншае жыллё, фальсіфікуюцца, - кажа жыхарка выселеннага дома Святлана Бурак.
Трэба адзначыць, што д.59 па вуліцы Ленінскай знаходзіцца ў самым цэнтры Магілёва і з’яўляецца прывабным месцам для патэнцыйных інвестараў. Напярэдадні 1 траўня камунальнікі пафарбавалі фасад аварыйнага дома, а таксама замянілі выбітыя шыбы з боку цэнтральнай вуліцы.