viasna on patreon

Светлагорск: суд апраўдаў дзеянні медыкаў, якія затрымалі інваліда-вазочніка на адзіночным пікеце

2015 2015-05-13T16:26:41+0300 2015-05-13T16:26:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/liashenka-bespredel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

13 траўня ў судзе Светлагорскага раёна скончыўся разгляд грамадзянскай справы па зыску грамадскага актывіста, інваліда-вазочніка першай групы Юрыя Ляшэнкі да супрацоўнікаў хуткай дапамогі. Заяўнік прасіў прызнаць дзеянні медыкаў, якія затрымалі яго на адзіночным пікеце і завезлі ў шпіталь супраць яго волі, незаконнымі. Нагадаем, 25 лістапада мінулага года Юрый Ляшэнка праводзіў каля райвыканкама адзіночны пікет у абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Не паспеў ён разгарнуць плакат, як на плошчу выехала карэта хуткай дапамогі, супрацоўнікі якой схапілі грамадскага актывіста разам з вазком, на якім ён перамяшчаўся, і завезлі супраць яго волі ў шпіталь. Прычым медыкі пераконвалі жыхара райцэнтра, што яму нібыта раптам зрабілася блага, і яны яго ратуюць.

У шпіталі жыхару райцэнтра зрабілі некалькі ўколаў, і тут жа «матэрыялізаваўся» міліцыянер, які склаў на яго адміністрацыйны пратакол за несанкцыянаваны пікет.

Актывіст лічыць, што ў дадзеным выпадку ідзе размова пра выкарыстанне медыцынскіх работнікаў у палітычным пераследзе грамадзян.

У заяве жыхар райцэнтра ставіў пытанні: хто і на якой падставе выклікаў да яго «хуткую», хто даў загад медыкам везці яго ў стацыянар і калоць там невядомыя ўколы.

13 траўня суд ў асобе суддзі Уладзіміра Сцяпанава вынес рашэнне: скаргу Юрыя Ляшэнкі не задаволіць, дзеянні медыкаў прызнаць правамернымі.

Заяўнік не задаволены такім рашэннем і будзе яго абскарджваць. «Гэта проста фікцыя. Суд не прыняў да ўвагі шэраг доказаў – клінічны пратакол, розныя дакументы. Патэлефанаваў у хуткую дапамогу нейкі невядомы чалавек, не прадставіўся, кінуў толькі ў трубку, што інваліду блага – і тут жа выехалі медыкі, затрымалі мяне супраць маёй волі, хоць я і быў абсалютна здаровы і ні на што не скардзіўся. Тут жа імгненна мне выставілі дыягназ і «прызначылі лячэнне», за лічаныя хвіліны, а нават і секунды. Так хутка будзеш ісці па вуліцы і цябе некуды забяруць выратавальнікі ці газавая служба, і прычым нікому потым нічога не дакажаш», - пракаментаваў грамадскі актывіст.

Некалькі паседжанняў суд слухае сведкаў як з боку заяўніка, так і адказчыка. Так, сведкамі выступілі гомельскія журналісты Кастусь Жукоўскі і Ларыса Шчыракова. Па іх словах, Юрый Ляшэнка ў дзень пікету выглядаў бадзёра і спакойна, на здароўе не скардзіўся. Знянацку на плошчы з'явілася «хуткая», і ўжо праз 15 секунд інваліда-вазочніка «ўпакавалі» і павезлі ў шпіталь. Прычым у «хворага» нават не спыталіся прозвішча, не памацалі пульс, не памералі ціск, не слухалі яго пярэчанняў, што ён здаровы і не мае патрэбы ў медыцынскай дапамозе.

Медыкі ж сцвярджалі, што вельмі спяшаліся ратаваць чалавека. Намеснік галоўнага ўрача, якая прысутнічала на судзе, даводзіла, што «хуткая» мела права забіраць чалавека, таму што ён знаходзіўся ў грамадскім месцы.

Па патрабаванню заяўніка ў судзе быў праслуханы запіс тэлефоннага званку незнаёмага мужчыны, па выкліку якога медыкі забралі Юрыя Ляшэнка. Дакладна на запісе гучала так: «На цэнтральнай плошчы блага інваліду-вазочніку, выязджайце!». Хуткая дапамога выехала, не ўдакладняючы ні дадзеныя таго, хто званіў, ні таго, хто нібыта «раптам захварэў». Прычым на выклік паехаў і загадчык аддзялення хуткай дапамогі. 7 траўня на судзе ён патлумачыў, што гэта быў важны выклік, таму ён таксама прысутнічаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства