Баранавічы: суд па справе адмовы ў правядзенні першамайскага пікета прызначаны на 14 траўня
Прафсаюзны актывіст Рыгор Грык атрымаў паведамленне з суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы аб тым, што яго скарга на адмову гарвыканкама ў правядзенні першамайскага пікета, будзе разгледжана 14 траўня.
Рыгор Грык лічыць адмову пікета 1 траўня, у Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, незаконнай. Па ягоных словах, ён выканаў неабходныя ўмовы для правядзення масавага мерапрыемства: своечасова падаў заяву на пікет у гарвыканкам з асабістым абавязацельствам, згодна з якім ён браў на сябе прыборку тэрыторыі пасля правядзення пікета, а таксама стварэнне групы з 3-х чалавек для ажыццяўлення аховы грамадскага парадку падчас акцыі. Заяўнік заключыў неабходную дамову з гарадской паліклінікай па абслугоўванні першамайскай акцыі салідарнасці працоўных, якая планавалася ў дазволеным гарвыканкамам месцы.
Рыгор Грык лічыць, што што забарона пікета звязана не толькі з тым, што ўдзельнікі хацелі выказаць пратэст у сувязі з ростам коштаў і падзеннем заробкаў працоўных, але і з тым, што пікетоўшчыкі збіраліся патрабаваць адмены Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, які парушае правы грамадзян.
У мінулым годзе Рыгору Грыку ўдалося ў судзе даказаць незаконнасць адмовы пікету “Дзеянні ўлады пад грамадзянскі кантроль”. Чыноўнікі Баранавіцкага гарвыканкама абвінавацілі Грыка ў радыкалізме і забаранілі пікет. Суд прызнаў неправамоцным рашэнне чыноўнікаў. Рыгор Грык спадзяецца, што і на гэты раз суд вынясе справядлівае рашэнне.