Ці падпадуць палітвязьні пад амністыю
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка накіраваў у Палату прадстаўнікоў праект закону «Аб амністыі ў сувязі з 70-годзьдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў». Ці падпадуць пад яе беларускія палітвязьні?
Вызначаныя катэгорыі асобаў, якіх могуць вызваліць ад пакараньня. Гэта асуджаныя за злачынствы, якія не адносяцца да цяжкіх і асабліва цяжкіх. На амністыю могуць разьлічваць непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў, пэнсіянэры, інваліды I і II групаў, вэтэраны баявых дзеяньняў, асобы, якія атрымалі раненьні падчас службы ці службовай дзейнасьці, пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама некаторыя іншыя катэгорыі асуджаных.
Пэўным катэгорыям асуджаных, якія не падлягаюць вызваленьню, тэрмін пакараньня будзе скарочаны на 1 год.
Вызваліць ад крымінальнага пакараньня мяркуецца 8,6 тыс. асуджаных, у тым ліку зь месцаў пазбаўленьня волі — 2,2 тыс. чалавек.
Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, палітвязьні пад амністыю, відаць, не падпадуць.
«Бо іхнія артыкулы не трапляюць пад яе. Напрыклад, Мікалай Статкевіч, бо ён асуджаны за „цяжкае злачынства“. Астатнія маюць статус „злосных парушальнікаў“. Гэта тычыцца і анархістаў. Таму на іх амністыя не распаўсюджваецца, ня толькі ў выглядзе вызваленьня ад пакараньня, але і ў выглядзе скарачэньня тэрміну на год. Гэта ж было і падчас зьняволеньня Алеся Бяляцкага, калі да яго не прымянілі амністыю, бо ён меў статус „злоснага парушальніка“. А на той момант ён мог разьлічваць на скарачэньне тэрміну на год. Хоць прымянілі іншае. Спагнаньні і статус гэты зьнялі. І гэта было палітычнае рашэньне».