viasna on patreon

Другі раўнд UPR: рэкамендацыі Беларусі ад краінаў-удзельніц ААН (відэа)

2015 2015-05-06T14:09:11+0300 2015-05-06T14:48:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrc-geneva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Паседжанне Савета па правах чалавека ў Жэневе

Паседжанне Савета па правах чалавека ў Жэневе

Падборка рэкамендацый уладам Беларусі ад нацыянальных дэлегацый у межах другога раўнда Універсальнага перыядычнага агляду (UPR), якія адлюстроўваюць асноўныя праблемы ў галіне правоў чалавека ў нашай краіне. 

Літва рэкамендавала паглыбіць працу парламенцкай групы па смяротным пакаранні і неадкладна ўвесці мараторый, а таксама:

“Спыніць адвольныя затрыманні журналістаў і адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пакаранне за ўдзел у незарэгістраваных аб'яднаннях. Неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і забяспечыць іх поўную рэабілітацыю. Павялічыць супрацу з дамоўнымі органамі ААН, уключаючы выдачу пастаяннага запрашэння і дазвол адмысловаму прадстаўніку па Беларусі наведаць краіну”.

Ірландыя адзіная заклікала паважаць і захоўваць беларускую мову:

“Маючы на ўвазе засцярогі, выказаныя Камітэтам па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, мы заклікаем Беларусь забяспечыць магчымасць усім жадаючым атрымліваць асвету на беларускай мове, а таксама прадпрымаць выніковыя захады дзеля пашырэння ўжытку беларускай мовы ва ўсіх галінах грамадскага жыцця, уключаючы культуру.

Мы працягваем быць сур'ёзна занепакоенымі некалькімі аспектамі становішча з правамі чалавека ў Беларусі, напрыклад — ужываннем смяротнага пакарання, у тым ліку ў дачыненні да тых, для каго Камітэт ААН па правах чалавека папрасіў адтэрміноўкі ў выкананні прысуду.

Ірландыя рэкамендуе Беларусі прыняць канкрэтныя крокі дзеля адмены смяротнага пакарання, уключаючы неадкладны мараторый на ягонае ўжыванне.

Таксама вялікую занепакоенасць выклікае існаванне арганізацый грамадзянскай супольнасці ў падпольным, нелегальным становішчы, што выключае магчымасць прадуктыўнай дзейнасці без пагрозы пераследу. Ірландыя рэкамендуе Беларусі стварыць, у законе і на практыцы, свабодную атмасферу, у якой арганізацыі грамадзянскае супольнасці маглі б дзейнічаць без перашкодаў і небяспекі, і паўнавартасна ўдзельнічаць у дэмакратычных працэсах”.

Грэцыя з глыбокай занепакоенасцю адзначыла парушэнне права на свабоду сходаў і падаўленне мірных пратэстаў, пастаянныя паведамленні аб пераследзе ўладамі Беларусі праваабаронцаў і арганізацый грамадзяскае супольнасці, затрыманнях і арыштах журналістаў, а таксама жорстіх абмежаваннях свабоды інтэрнэту:

“Мы заклікаем Беларусь адмовіцца ад смяротнага пакарання, а таксама раім: спыніць пераслед, запалохванне і адвольныя затрыманні праваабаронцаў, сяброў НДА і журналістаў, а таксама гарантаваць правы на свабоду самавыражэння, свабоду сходаў, роўна як і пакласці канец абмежаванням і сачэнням у інтэрнэце, галоўным чынам праз унясенне зменаў у заканадаўства, з мэтай выключэння па-за законных працэдур занясення ў чорны спіс вэб-старонак. У адпаведнасці з парадамі прадстаўніка АБСЕ па свабодзе медыя, ратыфікаваць факультатыўны пратакол да Канвенцыі ААН супраць катаванняў і прывесці ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі”.

Гана звярнула ўвагу на апошнія зрухі ў галіне правоў чалавека. Аднак, адзначыла:

“Мы працягваем быць занепакоенымі агульным становішчам правоў чалавека ў краіне, у прыватнасці — працягам катаванняў, выкарыстаннем смяротнага пакарання й увязненнем палітычных апанентаў.

У гэтым звязку, мы хацелі б даць наступныя парады:

1. Далучыцца да факультатыўнага пратакола да Еўрапейскае канвенцыі супраць катаванняў і стварыць нацыянальны механізм дзеля іх прадухілення і прызнаць кампетэнцыю Камітэта ААН па катаваннях разглядаць заявы аб парушэнні артыкулаў 21 і 22 канвенцыі.

2. Прывесці ўнутранае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі свабоды сходаў, у тым ліку праз адмену патрабаванняў атрымаць афіцыйны дазвол, а таксама аплаціць паслугі па ахове і медыцынскім абслугоўванні мерапрыемства ў якасці неабходных перадумоваў ягонага правядзення.

3. Спрасціць працэдуру рэгістрацыі палітычных партый ды іншых аб'яднанняў і фондаў".

Прадстаўнік ад Даніі выказала пазіцыю сваёй дэлегацыі:

“Данія вітае вызваленне былога палітвязня Алеся Бяляцкага ў чэрвені 2014 года. Аднак мы працягваем заставацца занепакоенымі становішчам з правамі чалавека ў Беларусі, асабліва адносна свабоды самавыражэння, свабоды сходаў і засталых палітвязняў. Данія заклікае Беларусь забяспечыць, каб мірныя дэманстранты не затрымліваліся, не ўвязняліся й не падвяргаліся пераследу й неналежнаму абыходжанню з боку міліцыі за карыстанне сваімі правамі на свабоду самавыражэння й свабоду сходаў, а таксама — неадкладнае й безумоўнае вызваленне тых, хто быў увязнены выняткова за карыстанне гэтымі правамі.

Акрамя таго, Данія рэкамендуе Беларусі адмяніць артыкул 193-1, які крыміналізуе дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, і ў цэлым пакласці канец сістэме перашкод, запалохвання й пераследу арганізацый грамадзянскае супольнасці, уключаючы прафзвязы, экалагічныя, ЛГБТ і праваабарончыя арганізацыі.

Напрыканцы, Данія рэкамендуе Беларусі ратыфікаваць факультатыўны пратакол да Канвенцыі ААН супраць катаванняў”.

Канада ў сваю чаргу заклікала Беларусь:

“Па-першае, прадпрыняць крокі, каб забяспечыць, што надыходзячыя прэзідэнцкія выбары будуць свабоднымі, справядлівымі й адпавядаючымі нацыянальным стандартам, цалкам адпавядаючымі вымогам Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, уключаючы дазвол свабоднага ўдзелу апазіцыйных партый.

Па-другое, неадкладна вызваліць засталых палітвязняў, расследаваць паведамленні аб неналежным абыходжанні і пакараць вінаватых у адпаведнасці з нутраным ды міжнародным заканадаўствам.

Па-трэцяе, зняць абмежаванні з грамадзянскае супольнасці, уключаючы забарону на атрыманне замежнае грашовае падтрымкі НДА, абмежаванні на добраахвотную работу ў непрацоўны час і перашкоды ў дзяржаўнай рэгістрацыі НДА ў адпаведнасці з правамі на свабоду аб'яднання і самавыражэння”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства