viasna on patreon

Павел Сапелка: Маё права прысутнічаць у адкрытым судовым паседжанні на тэрыторыі калоніі абмежавана

2015 2015-05-06T10:10:08+0300 2015-05-06T10:11:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shklou-kalonia-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Шклоўская папраўчая калонія №17. Фота Паўла Сапелкі.

Шклоўская папраўчая калонія №17. Фота Паўла Сапелкі.

4 траўня на выязное судовае пасяджэнне ў Шклоўскай папраўчай калоніі №17, дзе разглядалася пытанне аб змене рэжыму ўтрымання асуджанага Мікалая Статкевіча, супрацоўнікамі міліцыі не былі дапушчаныя  прадстаўнік Еўразвязу, праваабаронцы і журналісты.

Юрыст Павел Сапелка, які з'яўляецца аўтарам шматлікіх даследаванняў па праблемах беларускага заканадаўства, у тым ліку, якое вызначае прававое становішча асуджаных, угледжвае ў гэтых дзеяннях  парушэнне Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» і таму звярнуўся са скаргай да начальніка Упраўлення Дэпартамента выканання пакарання МУС Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці.

У скарзе ён паведамляе наступнае: “4 траўня ў 14.20, жадаючы высветліць парадак доступу ў судовае пасяджэнне ў прадстаўнікоў адміністрацыі Папраўчай калоніі (ПК), я паспрабаваў зайсці ў адміністрацыйны корпус ПК, аднак зачыненыя ўваходныя дзверы мне не адкрылі. Пры падыходзе да будынка, дзе размешчаны пункт пропуску на тэрыторыю ПК, да мяне і іншых людзей, якія знаходзіліся ў гэтым месцы, падышоў маёр міліцыі, які адмовіўся прадставіцца, і ў жорсткай форме запатрабаваў адысці ад будынка і сысці на аўтастаянку, размешчаную ў 50-70 метрах ад КПП. На пытанні аб магчымасці доступу ў судовае пасяджэнне ён не адказваў, выказаўшы пры гэтым невыразныя пагрозы адвольнага затрымання і прымянення сілы ў выпадку, калі я ў ліку іншых грамадзян не адыйду. Названага афіцэра я змагу апазнаць”.

Юрыст лічыць, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў ва ўсіх выпадках абмежавання правоў і свабод грамадзяніна абавязаны растлумачыць яму падставы для такога абмежавання (арт.23 Закона Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь»).

Акрамя гэтага, у адпаведнасці са арт.23 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, разгляд крымінальных спраў ва ўсіх судах адкрыты. Разбіральніцтва крымінальнай справы ў закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца толькі ў інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных сакрэтаў і іншай ахоўваемай законам таямніцы, а таксама па справах аб злачынствах, учыненых асобамі, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, ці па злачынствах аб палавой недатыкальнасці, і іншых справах, у мэтах прадухілення разгалошвання звестак аб інтымных баках жыцця, і ў выпадку, калі гэтага патрабуюць інтарэсы забеспячэння бяспекі пацярпелага, сведкаў ці іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу, а таксама членаў іх сем'яў або блізкіх сваякоў і іншых асоб, якіх яны абгрунтавана лічаць блізкімі.

Больш падрабязна пра абмежаванні адкрытасці судовых працэсаў у каментары “У якіх выпадках праходзіць закрыты судовы працэс?” распавядаецца на сайце Вярхоўнага Суда.

Такім чынам, - піша ў скарзе Павел Сапелка, - я меў права прысутнічаць у адкрытым судовым пасяджэнні на тэрыторыі калоніі. Адміністрацыя калоніі павінна была стварыць умовы, пры якіх я мог бы рэалізаваць сваё права, не пасягаючы на бяспеку і не перашкаджаючы выкананню папраўчай установай сваіх функцый. Акрамя таго,  забараняючы мне знаходжанне на тэрыторыі, прылеглай да тэрыторыі калоніі, дзе не забаронена перасоўванне грамадзян, афіцэр відавочна перавысіў свае паўнамоцтвы. Не растлумачыўшы мне парадак атрымання доступу ў судовае пасяджэнне, супрацоўнік выказаў тым самым поўнае грэбаванне да мяне, да маіх правоў і сваіх абавязкаў, што недапушчальна”.

Павел Сапелка просіць начальніка Упраўлення Дэпартамента выканання пакарання МУС па Магілёўскай вобласці:

 - Правесці праверку выкладзеных фактаў, усталяваць асобу, якая парушыла закон і ягоныя правы з прыцягненнем да дысцыплінарнай адказнасці. Растлумачыць падначаленым супрацоўнікам неабходнасць ветлівага, чулага і прафесійнага абыходжання з грамадзянамі;

- Растлумачыць парадак доступу грамадзян у выязныя судовыя пасяджэнні на тэрыторыі месцаў пазбаўлення волі;

- Арганізаваць правядзенне выязных судовых пасяджэнняў на тэрыторыі месцаў пазбаўлення волі з захаваннем гарантый справядлівага суда і прынцыпу галоснасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства