viasna on patreon

Праваабаронца: Савет Рэспублікі выконвае функцыі Канстытуцыйнага Суда?

2015 2015-04-29T13:21:50+0300 2015-05-12T15:32:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sialiun_vystava_balaj_4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Палуда і Тамара Сялюн.

Андрэй Палуда і Тамара Сялюн.

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу адказаў на зварот Тамары Сялюн па ініцыяванні ім перад Канстытуцыйным судом пытання аб неадпаведнасці артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса частцы 3 артыкула 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, якая непасрэдна разглядала зварот маці расстралянага Паўла Селюна, прааналізавала пытанні, выкладзеныя ў звароце і падагульніла, што «адсутнічаюць падставы для ўнясення прапановы аб разглядзе ў Савеце Рэспублікі пытання аб звароце ў Канстытуцыйны суд». Сваё заключэнне камісія зрабіла ў тым ліку і на падставе аналізу нормаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававых актаў, а таксама мадэльных заканадаўчых актаў СНД.

“Вельмі здзіўляе той факт, што ў сваім адказе Савет Рэспублікі ў асобе Старшыні Пастаяннай камісіі Л. Марозава робіць самастойныя высновы аб адпаведнасцi 175 артыкула УВК Канстытуцыі РБ. Пры гэтым такое заключэнне тычыцца не толькі нацыянальнага заканадаўства, але і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. “Зыходзячы з аналізу прававога зместу названай нормы, лічым, што прадпісанні артыкула 175 УВК не супярэчаць дадзенаму палажэнню”, - пазначана ў адказе. Акрамя таго, упаўнаважаны орган спасылаецца і на палажэнне часткі 5 артыкула 186 мадэльнага Крымінальна-выканаўчага кодэкса для дзяржаў-удзельніц СНД, які носіць толькі рэкамендацыйны характар, пра што ён сам і піша, - каментуе сітуацыю каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда. - Хацеў бы таксама звярнуць увагу на тое, што Тамара Сялюн звярнулася ў Савет Рэспублікі, каб з іх боку было ініцыяванне перад Канстытуцыйным судом перагляду і змяненне артыкула 175 УВК. Калі ж чальцы Пастаяннай камісіі бяруць на сябе адказнасць самастойна вырашаць і рабіць высновы адпаведнасцяў / неадпаведнасцяў заканадаўства Канстытуцыі РБ, так можа быць трэба пісаць звароты проста да іх? Хіба Савет Рэспублікі ўжо выконвае функцыі Канстытуцыйнага Суда?”

Нагадаем, Ленінскі суд г. Гродна адмовіў Тамары Сялюн ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы ў дачыненні да Дэпартамента выканання пакаранняў МУС РБ па факце накіравання ў адрас заяўніка спецадзення пакаранага сына Паўла Сялюн. Таксама, і Канстытуцыйны Суд палічыў, што Тамара Сялюн для ініцыяцыі ўнясення змяненняў у Крымінальны кодэкс павінна звярнуцца ў адпаведныя органы, а не наўпрост у суд. Пасля гэтага маці расстралянага накіравала звароты усім суб’ектам, якія могуць паўплываць на ўнясенне зменаў ў Крымінальны кодэкс: Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь, Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.

На дадзены момант прыйшлі адказы з Вярхоўнага суду, Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнаг сходу.

Павел Сялюн быў прысуджаны да смяротнага пакарання і расстраляны 18 красавіка 2014. Прыблізна праз месяц пасля гэтага яго маці Тамары Сялюн была накіравана спецвопратка пакаранага, у якой ён чакаў прывядзення прысуду ў выкананне. Акрамя таго, ёй не былі паведамленыя дакладны час і месца пахавання П. Сялюн, не было выдадзена яго цела для пахавання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства