У Салігорску прынята новае рашэнне аб масавых мерапрыемствах
Шматмесячныя спробы салігорскіх праваабаронцаў атрымаць ад уладаў копію “таямнічага” рашэння, што абмяжоўвае свабоду мірных сходаў у рэгіёне, скончыліся досыць нечакана. Пра новыя акалічнасці справы распавядае мясцовы прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэту Леанід Мархотка.
- Справа па гэтак званым “таямнічым” рашэнні Салігорскага выканкаму мае для нас стратэгічны характар. Гэтым рашэннем груба парушаецца права грамадзян на свабоду мірных сходаў і на свабоднае выказванне меркавання, таму мы вырашылі дамагацца яго адмены ўсімі даступнымі сродкамі прававой абароны, - кажа спадар Мархотка. - Рашэнне датуецца яшчэ 2004 годам, і ў публічным доступе на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале ці на сайце Салігорскага выканкаму яго копія проста адсутнічае. Бюракратычны “футбол” з чыноўнікамі завёў нас у Занальны дзяржаўны рахіў Слуцка, дзе нам прапанавалі атрымаць гэты публічны дакумент за 133300 рублёў.
Зрэшты, па словах праваабронцы, аплочваць гэткую паслугу не давялося. Са слуцкага дзяржархіву ўсё ж даслалі доўгачаканую копію дакумента без фінансавых прытэнзій.
- Магчыма паўплываў пэўны рэзананс, выкліканы асвятленнем гэтай тэмы на праваабарончых сайтах і ў некаторых СМІ, але ёсць і іншая, больш верагодная прычына “рассакрэчвання” гэтага рашэння, - сцвярджае прадстаўнік БХК. - Высветлілася, што нядаўна было прынята новае рашэнне Салігорскага райвыканкаму “Аб вызначэнні месцаў правядзення массавых мерпрыемстваў”. Гэтае рашэнне фактычна адмяняе папярэдняе, рабіць з якога таямінцу ўжо наўпрост няма сэнсу.
Адносна зместу новага рашэння салігорскія праваабаронцы выказваюцца не менш крытычна. Яно, безумоўна, лепш прычысанае пад актуальны Закон “Аб масавых мерапрыемствах” і нават адносна свайго таямнічага папярэдніка крыху пашырыла магчымасці для правядзення дэманстрацый і вулічных шэсцяў. Тым не менш, мясцовыя прадстаўнікі БХК бачаць у ім тыя ж прынцыповыя хібы і неадпаведнасць Канстытуцыі Беларусі ды ратыфікаваным дзяржавай міжнародным дакументам у галіне правоў чалавека. Па словах праваабаронцы Леаніда Мархоткі, яны будуць дамагацца прызнання неправавым і гэтага рашэння Салігорскага райвыканкаму.