Суд над Мiкалаем Статкевічам адбудзецца 4 траўня
Суд над палітвязнем Мікалаем Статкевічам па змене рэжыму адбыцця пакарання – з заменай яго на турэмны, адбудзецца 4 траўня ў Шклоўскай папраўчай калоніі №17. Пачатак у 14-30. Пра гэта ў facebook паведаміла Марына Адамовіч
Падставаю сталі нібыта шматлікія парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі і непадпарадкаванне патрабаванням кіраўніцтва.
Зусім нядаўна, у лісце жонцы Марыне Адамовіч ён паведаміў пра тое, што змешчаны ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
«У суме ў яго набралося 13 спагнанняў, з якіх 10 — за адмову ад працы. Прычым апошнія 5 ягоных адмоў закончыліся звычайнымі вымовамі, бо раней усё, што можна было з пакаранняў, супроць яго ўжо ўжывалі”, - цытуе словы палітвязня Радыё Свабода.
Раней палітвязень Мікалай Статкевіч паведамляў, што яму пагражае ўзбуджэнне справы за шматлікія парушэнні рэжыму і адпраўка ў крытую турму як злоснага парушальніка рэжыму.
Мікалай Статкевіч — адзіны з былых кандыдатаў у прэзыдэнты, які ўтрывліваецца дагэтуль у турме пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году. Суд прызнаў апазыцыйнага палітыка вінаватым у арганізацыі вулічных беспарадкаў і асудзіў на 6 гадоў зняволення. Мікалай Стактевіч не прызнаў сябе вінаватым і адмовіўся падаваць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Мікалай Статкевіч адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі, затым рашэннем суду ад 12 студзеня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, яго перавялі з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва.
12 студзеня 2015 года быў этапаваны для далейшага адбыцця пакарання ў шклоўскую папраўчую калонію №17.