viasna on patreon

Справаздача па выніках маніторынгу масавага мерапрыемства “Чарнобыльскі шлях – 2015” (фота)

2015 2015-04-27T12:34:45+0300 2016-07-25T12:27:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/controlby-26.04.2015.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
"Чарнобыльскі шлях 2015". Мінск, 26 красавіка

"Чарнобыльскі шлях 2015". Мінск, 26 красавіка

Высновы

Практыка правядзення масавых мерапрыемстваў у Мінску істотна не мяняецца: па-ранейшымі актуальнымі праблемамі застаецца некамунікабельнасць і складанасць ідэнтыфікацыі супрацоўнікаў міліцыі, немагчымасць бесперашкоднага руху калоны дэманстрантаў. Найбольшую занепакоенасць выклікае працягванне практыкі адвольных затрыманняў і пераследу асобных удзельнікаў акцыі (затрыманне Віктара Шапуцькі і Віталя Каліноўскага). Вялікай праблемай для арганізатараў застаецца патрабаванне Мінгарвыканкама аплаты працы супрацоўнікаў міліцыі,  хуткай дапамогі і камунальных службаў падчас правядзення масавага мерапрыемства. У той жа час дадзеныя меры з’яўляюцца пазітыўным абавязкам дзяржавы па забеспячэнню права на мірныя сходы.

Дадатковым негатыўным фактарам сталі выпадкі пагрозаў да назіральнікаў з боку праваахоўных органаў.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Непасрэдна перад датай правядзення масавага мерапрыемства назіральнікі правялі камунікацыю з арганізатарамі, якія прадставілі тэкст заяўкі на акцыю 26 красавіка 2015 года, а таксама адказ з Мінгарвыканкама. Згодна з адказам за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама І.В.Карпенкі, пяці заяўнікам (Янукевіч А.А., Губарэвіч Ю.І., Кучук Д.Л., Рымашэўскі В.А., Дабратвор І.М.) дазволена правядзенне дэманстрацыі з 14 па 16 гадзіну па маршруце: збор удзельнікаў на пляцоўцы каля кінатэатра “Кастрычнік”; дэманстрацыя па маршруце пр.Незалежнасці-вул.Сурганава – вул.Арлоўская да скрыжавання з вул.Л.Карастаянавай да памятнага знаку “Ахвярам Чарнобыля” з агульнай колькасцю ўдзельнікаў да 900 чалавек. Адзіная змена ў параўнанні з заяўкай – скарачэнне часу збору на паўгадзіны. Таксама Мінгарвыканкам абавязаў арганізатараў заключыць дагавары на аказанне паслуг па ахове грамадскага парадку; медычнае абслугоўванне; уборку тэрыторыі і элементаў добраўпарадкавання. Па інфармацыі ад арганізатараў, агульная сума па дагаворах з ГУУС Мінгарвыканкама склала 13,5 млн бел.рублёў  

ГУУС Мінгарвыканкама быў праінфармаваны пра прысутнасць назіральнікаў падчас Чарнобыльскага шляху з просьбай забяспечыць бяспеку назіральнікам і камунікаваць з імі.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 26 красавіка 2015 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 13 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.

Ход масавага мерапрыемства

  1. Пры заяўленай колькасці ўдзельнікаў да 900 чалавек на месцы збору колькасць ўдзельнікаў складала каля 540 чалавек. Каля 450 чалавек бралі ўдзел на сярэдзіне маршруту дэманстрацыі. На падыходзе да Чарнобыльскай капліцы было зафіксавана 480 чалавек.
  2. Колькасць супрацоўнікаў было складана вызначыць праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так супрацоўнікаў ДАІ/ДПС было каля 10 чалавек, у форме з надпісам “Міліцыя” – 10 чалавек, з надпісам “ОМОН” было зафіксавана каля 30 чалавек, каля 50 – у грамадзянскай вопратцы з адметнымі прыкметамі (навушнікі, рацыі). Усё кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСаў было ў грамадзянскай вопратцы без апазнавальных знакаў. Пры сабе супрацоўнікі міліцыі мелі: кайданкі, гумовыя палкі, светагукавая прылады адцягваючага ўздзеяння, спецыяльныя хімічныя рэчывы.
  3. Перашкоды з патрапленнем на месца збору адсутнічалі.
  4. У цэлым адсутнічалі перашкоды для працы СМІ, але на месцы збору журналісту не дазволілі ўзняцца па лесвіцы кінатэатра "Кастрычнік".
  5. Перашкоды ў працы назіральнікаў мелі месца ў трох выпадках: 1) на месцы збору назіральнікаў з функцыяй падліку ўдзельнікаў дэманстрацыі не пусцілі на прыступкі кінатэатра “Кастрычнік”; 2) пагрозы да назіральніка, што фіксаваў ход масавага мерапрыемства на фотаапарат пры фатаграфаванні супрацоўнікаў міліцыі, якія задавалі дадатковыя пытанні і папярэджвалі аб абмежаванні такіх дзеянняў; 3) назіральнікі, якія былі адказныя за камунікацыю з арганізатарамі і прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, не змаглі атрымаць ніякай інфармацыі па мерах бяспекі ад супрацоўнікаў міліцыі, АМАПу, ДАІ, якія ігнаравалі звароты да іх ці адказвалі “без каментароў”. Супрацоўнікі выканкама адмовіліся размаўляць у грубай форме. Прадстаўнікі кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама не толькі не адказалі на пытанні, але і пагражалі пераследам “у выпадку перашкоды нашай працы”, удакладнялі месца навучання назіральнікаў.
  6. Усе арганізатары масавага мерапрыемства былі абазначаныя бэйджамі, група ўдзельнікаў са спецыяльнай функцыяй кіравання дэманстрацыяй і яе аховы ад імя арганізатараў (дружына) адсутнічала.
  7. Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана (лозунг “Слава нацыі - смерць ворагам” не расцэньваем як гвалтоўны праз адсутнасць канкрэтызацыі “ворага” ў дадзеным кантэксце).
  8. Удзельнікі выкарыстоўвалі наступныя плакаты і транспаранты: Збор ахвяраванняў Яўгену Васьковічу, балонікі з надпісам "Жыве Беларусь", плакат "Чарнобыль - незагойная рана", саколкі "Stop Putin", "Путлер Капут", "Не выбарчаму фарсу", “Лукашэнка сыходзь”, плакат "Ядерная Россия страшнее Чернобыля", інсталяцыя з шыбеніцай і подпісам "А можа так і трэба?", расцяжкі "Нет ядерной угрозе", "Твоё молчание - знак согласия", "За безъядерный мир", "Чарнобыль учора - Астравец заўтра", "Чарнобыль - наш боль", плакат з намаляванай смерцю "Куплю АЭС для внука на свою пенсию", фотаздымкі Грыбаускайтэ і Лукашэнкі з подпісам "Europe love rashizm", расцяжка "Расія - гэта вайна", плакаты "Кузю жалко", "Саюз з імперскай Расіяй - духоўны Чарнобыль", "Не Астравецкай АЭС", герб Украіны на палотнішчы (1.5х1). Таксама збіралі подпісы за вылучэнне Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад апазіцыі.
  9. Выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі, сцягі Ўкраіны, сцягі Маладога Фронту, Маладой Беларусі, Еўрапейскай Беларусі, Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Беларускага народнага фронту, знак ядзернага забруджання.
  10. Ужываліся лозунгі: “Жыве Беларусь”, “Слава Ўкраіне – героям слава”, “Слава націі - смерць ворогам", "Хто не скачай - той маскаль", "Атом мірным не бывает", "Міліцыя з народам!", “Разам і назаўжды”, “Не АЭС у Беларусі”.
  11. Патрабаванняў да ўдзельнікаў з боку арганізатараў не паступала, з боку праваахоўных органаў усе патрабаванні ўдзельнікі выконвалі.
  12. Падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу, але назіральнік зафіксаваў факты выкарыстання сілы пры затрыманні аднаго з удзельнікаў пасля завяршэння акцыі (Віктара Шапуцьку, на Плошчы Бангалор у бок вул. Багдановіча, 16:00, №9423-К-7) – залом рукі за спіну пры пагрузцы ў мікрааўтобус.
  13. Супрацоўнікі міліцыі суправаджалі пасля акцыі некалькіх удзельнікаў дэманстрацыі, у выніку чаго былі затрыманыя 2 чалавекі – Віктар Шапуцька і Віталь Каліноўскі. Абодва былі затрыманыя, верагодна, толькі за выкарыстанне ўкраінскіх сцягоў падчас дэманстрацыі, вызваленыя праз гадзіну пасля затрымання з Савецкага РУУСа г.Мінска без складання пратаколаў.
  14. Ход калоны “разрывалі” на светлафорах і ўсіх пераходах супрацоўнікі ДАІ/ДПЧ і міліцыі, пры гэтым забаранялі першай частцы калоны чакаць, у выніку чаго калона была падзеленая пад канец маршруту на 3 часткі.
  15. Назіральнікі зафіксавалі ад 3 да 5 машын хуткай дапамогі.

Рэкамендацыі

Арганізатарам:

1) Ажыццяўляць больш актыўную камунікацыю з праваахоўнымі органамі і ўдзельнікамі, асабліва звярнуць увагу на забеспячэнне бесперашкоднага руху праз перакрыжаванні і пры патрапленні на месца правядзення мітынгу. Па магчымасці арганізоўваць дружыну.

Мінгарвыканкаму:

2) Не абмяжоўваць беспадстаўна права на мірныя сходы, не дэвальваваць права адвольнымі зменамі часу правядзення масавага мерапрыемства і накладаннем абавязкаў на арганізатараў па аплаце грамадскага парадку, працы санітарных і медычных службаў;

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

3) Cпыніць паслядоўную практыку адвольных затрыманняў пасля мірных сходаў.

4) Ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі).

5) Абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства.

6) Забяспечыць бесперашкодны рух калоны ўдзельнікаў праз перакрыжаванні са спыненнем руху транспартных сродкаў.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

7) Ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

"Чарнобыльскі шлях 2015". Мінск, 26 красавіка
"Чарнобыльскі шлях 2015". Мінск, 26 красавіка
"Чарнобыльскі шлях 2015". Мінск, 26 красавіка

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства