viasna on patreon

Палата Прадстаўнікоў: непублічнасць смяротнага пакарання прадугледжвае і ананімнасць пахавання

2015 2015-04-23T17:23:46+0300 2015-04-23T17:26:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/seljun_tamara.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Тамара Сялюн (фота Сяргея Балая)

Тамара Сялюн (фота Сяргея Балая)

Тамара Сялюн - маці расстралянага Паўла Селюна, атрымала адказ з Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь на свой зварот па ініцыяванні ўпаўнаважанымі органамі змены артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, згодна з якім родным не гаворыцца месца пахавання пакараных і цела для пахавання па традыцыях сям'і не выдаецца.

У сваім адказе Пастаянная камісія па заканадаўстве Палаты Прадстаўнікоў прызнае, што кожнаму чалавеку пасля смерці гарантуецца пахаванне з улікам яго волевыяўлення і пажаданняў сваякоў, у адпаведнасці з законам "Аб пахаванні і пахавальнай справе". Але разам з тым сцвярджае, што невыдача цела можа разглядацца як асобнае адміністратыўна-прававое правапрымяняльнае рашэнне. У такіх умовах адмова ў выдачы цела выступае як мера адміністрацыйнага характару, якая мае прэвентыўныя мэты і ў той жа час з'яўляецца пэўным абмежаваннем асноўных правоў, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Таксама ўпаўнаважаны орган спасылаецца на дадатак да Рэзалюцыі «Меры, якія гарантуюць абарону правоў тых, хто прыгавораны да пакарання смерцю", у якім гаворыцца, што працэдура прывядзення смяротнага прысуду ў выкананне павінна ажыццяўляцца такім чынам, каб яна нанесла як мага менш пакут. І гэта тычыцца не толькі самога асуджанага, але і іншых людзей.

Менавіта таму, на думку Пастаяннай камісіі, артыкулам 175 УВК прадугледжана, што «смяротнае пакаранне выконваецца непублічна і асобна ў дачыненні да кожнага асуджанага, пры адсутнасці старонніх людзей». І пры разглядзе звароту Т. Сялюн прыходзіць да высновы, што «непублічнасць смяротнага пакарання распаўсюджваецца не толькі на саму працэдуру яе выканання, але і на працэс пахавання цела пакаранага».

«Гэтая забарона прадугледжвае ананімнасць пахавання», - гаворыцца ў адказе.

Пастаянная камісія лічыць, што арт. 175 УВК па сутнасці з'яўляецца пэўным абмежаваньнем правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй, аднак, можа прызнавацца дапушчальнай, паколькі пераследуе канстытуцыйна абараняемыя мэты і з'яўляецца неабходнай для забеспячэння грамадскага спакою і грамадскай бяспекі, аховы грамадскага парадку, здароўя і маральнасці, абароны правоў і свабодаў іншых асобаў .

І заключае, што ў яе не маецца падставаў для ініцыявання перад Канстытуцыйным Судом пытання аб неадпаведнасці артыкула 175 УВК і практыцы яго прымянення ч.2 арт. 25 Канстытуцыі РБ і арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, як таго просіць Тамара Сялюн.

У сваю чаргу праваабаронца Андрэй Палуда, які дапамагае маці пакаранага ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, не згодны з такімі высновамі Палаты Прадстаўнікоў і каментуе атрыманы адказ:

«Спасылаючыся на Канстытуцыю і міжнародныя акты Пастаянная камісія па заканадаўстве Палаты Прадстаўнікоў кажа аб дапушчальнасці абмежавання правоў грамадзян у выпадках невыдачы цела для пахавання. Аднак, варта адзначыць, што, зыходзячы з правапрымяняльнай практыкі Камітэта па правах чалавека ААН, у прыватнасці справа Бандарэнка супраць Беларусі, Ляшкевіч супраць Беларусі, можна з ўпэўненасццю казаць аб тым, што дадзеныя абмежаванні не могуць з'яўляцца і прызнавацца суразмернымі, дапушчальнымі і неабходнымі для дасягнення мэтаў, пералічаных ў нормах Канстытуцыі і міжнародных прававых актаў. У такіх выпадках менавіта правапрымяняльная практыка з'яўляецца індыкатарам разумення нормы».

Нагадаем, Ленінскі суд г. Гродна адмовіў Тамары Сялюн ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы ў дачыненні да Дэпартамента выканання пакаранняў МУС РБ па факце накіравання ў адрас заяўніка спецадзення пакаранага сына Паўла Сялюн. Таксама, і Канстытуцыйны Суд палічыў, што Тамара Сялюн для ініцыяцыі ўнясення змяненняў у Крымінальны кодэкс павінна звярнуцца ў адпаведныя органы, а не наўпрост у суд. Пасля гэтага маці расстралянага накіравала звароты усім суб’ектам, якія могуць паўплываць на ўнясенне зменаў ў Крымінальны кодэкс: Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь, Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Павел Сялюн быў прысуджаны да смяротнага пакарання і расстраляны 18 красавіка 2014. Прыблізна праз месяц пасля гэтага яго маці Тамары Сялюн была накіравана спецвопратка пакаранага, у якой ён чакаў прывядзення прысуду ў выкананне. Акрамя таго, ёй не былі паведамленыя дакладны час і месца пахавання П. Сялюн, не было выдадзена яго цела для пахавання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства