Праваабарончая праграма “Вясна” на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 22:00 (паўтор у суботу ў 8:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Анонс выпуска:
“Хроніка”: Палітвязень Арцём Пракапенка атрымаў адмову ў памілаванні; Суд не задаволіў скаргу Тамары Сялюн – маці расстралянага Паўла Селюна; Беларусь з візітам наведаў еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Ёханэс Хан.
"Каментар Эксперта": 15 красавіка ў офісе праваабарончага цэнтра Вясна прайшла прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў – ПЦ “Вясна”, Беларускага Хельсінкскага Камітэта і Беларускай асацыяцыі журналістаў : “2-гі раунд Універсальнага перыядычнага агляду для Беларусі”. Сваім меркаваннем пра чаканні праваабарончай супольнасці ад другога этапу УПА падзяліліся Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч ды Алег Агееў
“Падзея”: 16 красавіка кіраўнік ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі разам са спецдакладчыкам ААН па Беларусі Міклашам Харасці ўзяў удзел у паседжанні падкамітэта па правах чалавека Еўрапарламента. Праваабаронца заклікаў ЕС працягваць ціск на беларускія ўлады.
Госць рубрыкі “Асоба”: Марына Адамовіч, жонка былога кандыдата ў прэзідэнты, а зараз палітычнага зняволенага Мікалая Статкевіча. Цэнтр прававой трансфармацыі і Праваабарончы цэнтр "Вясна" адправілі зварот па факце узмацніўшагася ціску на Мікалая Статкевіча з патрабаваннямі спыніць адміністрацыйны ціск, адмяніць незаконныя спагнання, дапусціць прадстаўніка Еўрапейскага саюза і прадстаўніка ААН У Рэспубліцы Беларусь з мэтай праверкі ўмоў утрымання і фактаў ціску. Пазней стала вядома, што М.Статкевіча чакае суд, па выніках якога яго, як мяркуецца, перавядуць з папраўчай калоніі ў турму.
У музычных паўзах - кампазіцыі гурта Re1ikt.