viasna on patreon

Віцебскі гарвыканкам будзе ставіць помнік, ігнаруючы пратэсты грамадскасці

2015 2015-04-20T07:57:08+0300 2015-04-20T07:57:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/neuski-aliaksandr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гаворка ідзе пра помнік рускаму князю Аляксандру Неўскаму, які мае да Віцебска вельмі ўскоснае дачыненне. Але гарадскія ўлады высоўваюць уласныя аргументы, па-сутнасці, правакуючы жыхароў абласнога цэнтру на міжканфесійнае супроцьстаянне.

Варта зазначыць, што ў пытанні наконт усталявання ў Віцебску помніка Аляксандру Неўскаму адзінадушша не было ніколі. Ад самага пачатку, калі ў 2009 годзе быў абвешчаны конкурс на лепшы праект гэтага помніка, многія гараджане пачалі выказвацца супраць гэтай ідэі, высунутай гарадскімі ўладамі.

Тым не менш, конкурс быў праведзены, пераможцы вызначаны, прычым скульптарам давялося прыняць цэлы шэраг заўваг ад гісторыкаў і калег "па цэху". Але грамадскае абмеркаванне працягвалася нават пасля таго, як на вызначаным месцы – каля царквы Дабравешчання на плошчы Тысячагоддзя Віцебска быў збудаваны пастамент пад помнік. Некалькі гадоў яго выкарыстоўвалі ў якасці клумбы, і ў часткі гараджанаў склалася ўражанне, што пра помнік улады забыліся. Або ўсвядомілі, што да Віцебска гэты рускі дзяяч не мае істотнага дачынення…

Але аказалася, што гарвыканкам адступацца і не думаў. Проста аддзел па ідэалгічнай працы, культуры і справах моладзі шукаў пераканаўчых аргументаў супраць меркавання наконт супярэчнівай ролі рускага князя ў беларускай гісторыі. Нарэшце аргументы былі сфармуляваныя.

"Гэта будзе скульптурная кампазіцыя, якая адлюстроўвае рэальны гістарычны факт — сустрэчу князя са сваёй жонкай, прадстаўніцай полацкага і віцебскага княжага дому Аляксандрай (па іншых крыніцах Параскевай) і сынам Васілём. Таму называць дадзены мемарыяльны аб’ект помнікам выключна Аляксандру Неўскаму і вызначаць яго як „негістарычны“ нельга. Ён сведчыць пра рэальную падзею з гісторыі гораду", -- напісана на сайце гарвыканкаму ў якасці агульнага адказу ўладаў на шматлікія звароты гараджан.

Паданне пра тое, што Аляксандр Неўскі нібыта браў шлюб у Дабравешчанскай царкве, чыноўнікі таксама вырашылі скарыстаць дзеля пераканання віцяблян у "гістарычнасці" будучага помніка: міф "другой паловы ХХ ст. пра вянчанне Аляксандра Неўскага ў Віцебску не мае пад сабою гістарычных падстаў, але ён прыжыўся і быў успрыняты грамадскасцю дзякуючы папулярнасці князя сярод жыхароў горада".

Пытанне наконт папулярнасці вельмі спрэчнае хаця б таму, што падобныя сацыялагічныя доследы нікім не праводзіліся. Але зусім ужо дзіўна выглядае спроба падаць у якасці дамінуючага канфесійны фактар: "больш таго, праваслаўныя жыхары Беларусі і Віцебска (а іх абсалютная большасць) з вялікай пашанай ставяцца да гэтага гістарычнага дзеяча”.

На думку віцебскіх праваабаронцаў, падобныя аргументы, якія спрыяюць падзяленню грамадства па рэлігійнай прыкмеце, з'яўляюцца недапушчальнымі. Тым болей, што падобная сітуацыя ў Віцебску ўжо была, і пакінула вельмі прыкрыя ўражанні ў часткі віцяблян. У красавіку 2013 года на Успенскай горцы быў усталяваны помнік былому патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію II. Яго паставілі прыкладна ў тым самым месцы, дзе ў 1623 годзе быў закатаваны Язафат Кунцэвіч, вядомы рэлігійны і палітычны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Гэтага полацкага грэка-каталіцкага арцыбіскупа забілі праваслаўныя змоўшчыкі. Забілі жорстка: рассеклі галаву, а потым прывязалі да ног і шыі камяні ды скінулі ў Дзвіну.

З'яўленне помніка функцыянеру праваслаўнай царквы якраз у гэтым месцы спарадзіла нямала спрэчак паміж прадстаўнікамі розных канфесій. Але гарадскія ўлады, падобна, не бачаць у падобных рэчах нічога ненармальнага і па-ранейшаму падкрэсліваюць звышнасць праваслаўя на беларускай тэрыторыі, правакуючы гараджан на супроцьстаянне. Цяпер ужо не толькі па пытанні "гістарычны" або "негістарычны" помнік Аляксандру Неўскаму, і ці мае гэтая асоба істотнае дачыненне да лёсу горада, а яшчэ і наконт таго, якая канфесія больш "правільная" і "шанаваная" прадстаўнікамі ўлады.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства