Арцём Пракапенка атрымаў адмову ў памілаванні
17 красавіка 2015 г. Арцём Пракапенка патэлефанаваў родным з магілёўскай калоніі і паведаміў, што яму паказалі адказ камісіі аб памілаванні, дзе ўтрымлівалася адмова ў прашэнні без тлумачэння прычын. Сам дакумент Арцёму не выдалі, толькі далі азнаёміцца за кароткі час.
Нагадаем, палітвязень Арцём Пракапенка падаў прашэнне прэзідэнту краіны аб памілаванні яшчэ ў лютым 2015 года. Раней Аляксандр Лукашэнка публічна заяўляў, што “будзе зварот — будзе мой подпіс”. Але А. Пракапенка атрымаў адказ толькі праз некалькі месяцаў.
Сітуацыю каментуе юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Наста Лойка:
“Спачатку хацелася б нагадаць акалічнасці асуджэння Арцёма Пракапенкі. Ён з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамолатавым 16 кастрычніка 2010 года вырашылі зрабіць сімвалічную акцыю супраць ціску на сацыяльных актывістаў і прадстаўнікоў анархісцкага руху ў межах так званай “справы мінскіх анархістаў”.
Аднак, форма дадзенай акцыі з праваабарончага пункту гледжання не насіла мірны характар: позна увечары Яўген Васьковіч і Павел Сырамолатаў кінулі ў будынак КДБ у Бабруйску 2 бутэлькі з гаручай запальнай сумессю, чым пашкодзілі фасад будынку на суму 253 636 бел.руб. Арцём Пракапенка здымаў гэта на відэа.
Маладых людзей затрымалі 17.01.2011 года, паабяцалі вызваліць у выпадку прызнання віны (намеру на падпал усяго будынку). Пад ціскам следчых такія запісы з’явіліся ў пратаколах, і справу кваліфікавалі як замах на нанясенне шкоды ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт.218), што сукупна з артыкулам 339 КК (“Хуліганства”) склала цяжкія санкцыі (ад 7 гадоў пазбаўлення волі).
У судзе трое маладых людзей прызналі віну толькі ў частцы хуліганства, без намеру на падпал будынку, аднак, іх усё роўна судзілі па кваліфікацыі папярэдняга следства і вынеслі прысуд у 7 гадоў пазбаўлення волі.
Праваабронцы не вітаюць такую форму выказвання сваіх меркаванняў па любой з прычын, аднак адзначылі грубыя парушэнні падчас следства, празмерна цяжкую кваліфікацыю па справе і суворы прысуд па палітычных матывах, таму прызналі маладых людзей палітычнымі вязнямі з дадзенай агаворкай.
На Арцёма Пракапенку, як і на астатніх палітвязняў, пасля асуджэння рэгулярна аказваўся ціск з мэтай напісання ім заявы на памілаванне. У 2012 годзе прашэнне на памілаванне напісаў Павел Сырамолатаў і быў вызвалены.
На Арцёма Пракапенку таксама аказваўся ціск у выглядзе дысцыплінарных спагнанняў за ўчынкі, якія не караюцца для іншых зняволеных. У выніку над Арцёмам усе гэтыя гады вісіць статус “злоснага парушальніка рэжыму”.
Тое, што палітзняволенага не вызвалілі ў выніку напісання прашэння аб памілаванне можа тлумачыцца толькі палітычнай сітуацыяй: з аднаго боку набліжаюцца прэзідэнцкія выбары, а з іншага – пасіўная і непаслядоўная пазіцыя еўрапескіх палітыкаў у дачыненні да лёсу некаторых палітвязняў (Арцёма Пракапенкі, Яўгена Васьковіча, Юрыя Рубцова).
Нагадаю, тэрмін зняволення Арцёма Пракапенкі сканчаецца 17 студзеня 2018 года, а закон аб амністыі на яго не можа распаўсюджвацца праз кваліфікацыю справы і статус “злоснага парушальніка рэжыму”.