Новы прэзідэнцкі дэкрэт у Беларусі "стымулюе" працаздольнасць грамадзянаў шляхам штрафу і пазбаўлення волі
FIDH - Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека
і сяброўская арганізацыя ў Беларусі
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
Мінск – Парыж
14 красавіка 2015 года
Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладнай адмены дэкрэта прэзідэнта аб папярэджанні "сацыяльнага ўтрыманства" ў сувязі з яго неадпаведнасцю міжнародным абавязальніцтвам Беларусі ў галіне правоў чалавека.
2 красавіка 2015 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выдаў Дэкрэт №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", згодна з якім усе грамадзяне Беларусі, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў шляхам выплаты падаткаў больш за 183 каляндарныя дні на працягу года, абавязаныясплочваць у бюджэт дзяржавы спецыяльны збор на фінансаванне такіх выдаткаў. Нявыплата або няпоўная выплата такога збору, у адпаведнасці з палажэннямі Дэкрэта №3, цягне за сабой адміністратыўную адказнасць у выглядзе штрафу і адміністратыўнага арышту.
Іншымі словамі, калі чалавек з якіх-небудзь прычынаў не працуе, то, у адпаведнасці з Дэкрэтам, ён, пад пагрозай арышту, абавязаны ўладкавацца на працу альбо сплаціць спецыяльны збор дзяржаве. Такім чынам, стымуляванне працаздольных грамадзянаў да працоўнай дзейнасці, што заяўлена адной з мэтаў Дэкрэта, забяспечваецца не шляхам павышэння заробкаў, прадастаўлення сацыяльных ільготаў і гарантый, а шляхам прымусовага працаўладкавання пад пагрозай кароткатэрміновага пазбаўлення волі.
Гэта наўпрост супярэчыць артыкулу 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая ўстанаўлівае працу як права грамадзянаў, як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека і ўтрымлівае вычарпальны пералік выпадкаў прымянення прымусовай працы - што вызначаецца прысудам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы.
Палажэнні Дэкрэта №3 супярэчаць і міжнародным нормам права ў галіне правоў чалавека. У прыватнасці, пункту 1 артыкула 2 Канвенцыі №29 Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), артыкулу 8 (3) Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкулу 6 (1) Міжнароднага Пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.
Варта адзначыць, што ўлады Беларусі і раней актыўна практыкавалі прымусовую працу, што неаднаразова з'яўлялася падставай для крытыкі з боку як беларускіх, так і міжнародных праваабарончых арганізацый.
У снежні 2013 года Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах рэкамендаваў Ураду Рэспублікі Беларусь адмяніць прымусовую працу асобаў з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю, якія супраць сваёй волі ўтрымліваюцца ў так званых "лячэбна-працоўных прафілакторыях", а таксама адмяніць прымусовую працу ў якасці пакарання для асобаў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў ("абавязаныя асобы").
Асобна адзначаўся ў рэкамендацыях і Дэкрэт Прэзідэнта ад 7 снежня 2012 года №9 "Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці", які фактычна пазбаўляе работнікаў магчымасці спынення працоўных адносінаў па ўласнай ініцыятыве і пагражае парушальнікам штрафамі і іншымі фінансавымі санкцыямі. Камітэт падкрэсліваў, што Беларусь абавязаная забяспечыць работнікам права на спыненне працоўных пагадненняў па іх ініцыятыве.
На жаль, Урад Беларусі не прыслухаўся да рэкамендацый Камітэта ААН. Дэкрэт №3, які ўступіў у сілу, стварыў яшчэ большую рэпрэсіўную прававую базу для яшчэ больш шырокага выкарыстання практыкі прымусовай працы ў краіне.
У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр "Вясна" і FIDH патрабуюць:
- адмяніць Дэкрэт №3 і
- прывесці беларускае заканадаўства ў сферы працы ў строгую адпаведнасць з міжнароднымі нормамі правоў чалавека і рэкамендацыямі МАП і Камітэта ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах такім чынам, каб выключыць практыку выкарыстання прымусовай працы ва ўсіх яе формах і праявах.