Жанна Пцічкіна азнаёмілася з матэрыяламі крымінальнай справы загінулага сына
Маці Ігара Пцічкіна, які памёр у СІЗА на Валадарцы 4 жніўня 2013 года, звярнулася па дапамогу ў Праваабарончы цэнтр "Вясна". Папярэдняе расследаванне па факце смеці І. Пцічкіна ў СІЗА было завершана яшчэ ў студзені. Аднак, доўгі час Жанну Пцічкіну па незразумелых прычынах не дапускалі да азнаямлення з матэрыяламі праверкі па крымінальнай справе.
Месяц таму яна атрымала такую магчымасць і на працягу гэтага часу хадзіла ў Следчы камітэт, дзе ўручную дасканала перапісвала вынікі праверкі, таму што Ж. Пцічкінай было забаронена фатаграфаваць якія-небудзь матэрыялы. Таксама было забаронена выдаваць інфармацыю аб следчых дзеяннях, выкладзеных у матэрыялах справы.
Такая пазіцыя органа, які вядзе крымінальны працэс, выглядае дзіўна. Асабліва, калі ўлічваць, што на думку Следчага камітэта смерць Ігара Пцічкіна насіла негвалтоўны характар і наступіла ў следстве злоўжывання ім алкаголю і наркатычных рэчываў. Хоць ні адна судмедэкспертыза не знайшла ўтрымання ні алкаголю, ні наркатычных рэчываў у крыві памерлага.
Жанна Пцічкіна не збіраецца здавацца і будзе ісці «да самага верху». Яна плануе накіраваць скаргу на пастанову аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе з мэтай ініцыяваць правядзенне дадатковага расследавання і даць аб'ектыўную ацэнку дзеянням супрацоўнікаў СІЗА.