Бяроза: у міліцыі актывіста КХП апыталі пра месца працы
Сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі Андрэй Кавалевіч лічыць, што міліцыі дадзены загад заняцца “дармаедамі”.
Некалькі дзён таму Андрэя Кавалевіча проста на вуліцы спынілі супрацоўнікі міліцыі з нагоды нібыта пошуку сексуальнага маньяка і папрасілі назваць прозвішча, адрас і месца працы. Кавалевіч назваў адрас і прозвішча, а наконт працы сказаў, што гэта да справы не адносіцца. Праз тры дні ён атрымаў позву ў міліцыю з патрабаваннем з’явіцца ў якасці сведкі па справе, але па якой – не было ўказана. У аддзяленні ўвага міліцыянтаў была засяроджана не на абставінах нейкай справы, а на наяўнасці месца працы ў Андрэя Кавалевіча. Міліцыянтаў цікавіла толькі тое, дзе ён працуе і як даўно не працуе. З гэтага выкліку Андрэй Кавалевіч зрабіў выснову, што міліцыя пачала высвятленне кандыдатаў на выплату збору згодна з прынятым прэзідэнцкім Дэкрэтам №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.