Гомельская міліцыя шукае праваабаронцу Леаніда Судаленку
Сем праваахоўнікаў у цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі аддзелу па барацьбе з наркотыкамі, наведалі грамадска-палітычны цэнтр па вуліцы Палеская, 52. Міліцыянтаў цікавіла месцазнаходжанне кіраўніка арганізацыі „Прававая ініцыятыва” Леаніда Судаленкі. Праваабаронца на месцы не аказалася, паколькі ён на дадзены момант знаходзіцца не ў Беларусі.
На думку Леаніда Судаленкі, візіт праваахоўнікаў можа быць звязаны з пагрозамі ў бок ягоных дзяцей. Месяц таму невядомыя інтэрнэт-паклёпнікі апублікавалі пагрозы ў дачыненні да дзяцей праваабаронцы. Леанід Судаленка склаў заяву ў праваахоўныя органы, каб тыя знайшлі невядомага аўтара аднаго з гомельскіх сайтаў, які спецыялізуецца на цкаванні апазіцыянераў. Аднак міліцыянты сталі шукаць самога кіраўніка арганізацыі „Прававая ініцыятыва”.