У Быхаве ўчастковы адмовіў жанчыне у прыёме заявы, бо гэта перашкаджала яму спаць
Пра гэта паведаміла жыхарка Магілёва Наталля, якая 1 красавіка звярнулася ў быхаўскую міліцыю з просьбай прыцягнуць да адказнасці яе былога мужа, які самавольна распахаў зямельны ўчастак і раздзяліў іх былы агульны дом так, як палічыў патрэбным.
Наталля ніяк не магла патрапіць унутр дома, бо былы муж вырашыў, што ўваход у дом мусіць застацца за ім, а жанчына сама выража сабе праход у любым іншым месцы.
Абураная такімі паводзінамі былога мужа, Наталля пайшла шукаць дапамогі ў міліцыю, аднак дзяжурны Быхаўскага РАУС адмовіліся прымаць заяву жанчыны, спаслаўшыся на тое, што яны такімі справамі не займаюцца.
- Аднак потым ён даў мне нумар тэлефона ўчастковага, некага Віталія Валер’евіча, які па тэлефоне сказаў, што гэтай справай займацца не будзе, бо ён … спіць! Участковы таксама не перанакіраваў мяне да каго-небудзь, -кажа Наталія.
У сувязі з інцыдэнтам жанчына накіравала скаргу ў пракуратуру Магілёўскай вобласці. Наталля просіць прыцягнуць службовых асоб Быхаўскага РАУС да адказнасці, а таксама надалей не дапускаць падобнага стаўлення да грамадзян.
Варта дадаць, што Наталля знаходзіцца на 9-м месяцы цяжарнасці.