Справа незалежнай журналісткі Тамары Шчапёткінай вернута на новы разгляд
Тамара Шчапёткіна і яе абаронца Павел Алесік змаглі даказаць у абласным судзе, што суддзя Аляксандр Семянчук парушыў закон, правёўшы судовы працэс у яе адсутнасць. Пры тым, што яна з адвакатам у той час былі ў судзе. Касацыйная інстанцыя пагадзілася, што суддзя Семянчук пазбавіў Шчапёткіну права на справядлівае судовае разбіральніцтва.
Выслухаўшы Шчапёткіну і яе адваката Алесіка, суддзя Брэсцкага абласнога суда Наталля Сурма прыняла рашэнне накіраваць справу ў суд Ленінскага раёна на новы разгляд іншаму суддзі.
Па словах праваабаронцы Рамана Кісляка, вынік суда быў прадказальны. Шчапёткіна была запрошана ў суд неналежным чынам: не позвай, а СМС-паведамленнем, дзе не было ўказана, хто дасылае СМС, у якім кабінеце судовае паседжанне. А тое, што ў прысутнасць Шчапёткінай у судзе працэс быў праведзены без яе, гэта наогул пераходзіць усе прававыя межы, лічыць праваабаронца.