viasna on patreon

Чаму ў ізалятарах часовага ўтрымання гінуць людзі?

2015 2015-04-02T13:14:00+0300 2015-04-02T12:36:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hutkaja_dapamoga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супрацоўнікі ізалятараў часовага ўтрымання (ІЧУ), куды дастаўляюцца адміністрацыйна арыштаваныя і адміністрацыйна затрыманыя грамадзяне, як правіла, апытваюць затрыманых аб стане іх здароўя на прадмет выяўлення захворванняўі аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі. А ў выпадку скаргаў на стан здароўя, дзяжурны павінен неадкладна выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу. Пры гэтым дзяжурныя па ІЧУ кіруюцца Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 08.08.2007 № 194 "Аб зацвярджэнні Правілаў унутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту», а таксама Пастановай МУС РБ ад 20.10.2003 № 234 «Аб зацвярджэнні Правілаў унутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрымання органаў унутраных спраў».

Але нярэдка ўзнікае неабходнасць аказання аператыўнай медыцынскай дапамогі падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту. У такой сітуацыі работнікі ІЧУ не заўсёды ідуць насустрач, паколькі указанняў на неабходнасць неадкладна аказваць медыцынскую дапамогу зняволеным у пры відавочных прыкметах захворвання гэтыя ведамасныя Правілы не ўтрымліваюць. Вынікі такогобяздзеяння могуць быць самымі непрадказальнымі, аж да смяротнага зыходу.

Менавіта з гэтай прычыны юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка 1 красавіка звярнуўся з лістом да Міністра ўнутраных спраў Беларусі. Нагодай жа паслужыла пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС у сувязі з гібеллю Аляксандра Акуліча ў ІЧУ Светлагорскага РАУС: пры гэтым супрацоўнікі ІЧУ і правяраючыя з Гомельскага УУС лічаць, што хуткую дапамогу яны павінны выклікаць толькі ў выпадку, калі хвароба выяўляецца пры прыёме зняволенага. А ў іншых выпадках выклікаць хуткую не абавязкова.

Павел Сапелка лічыць, што пры выкананні абавязкаў супрацоўнікі міліцыі ў першую чаргу павінны кіравацца не Правіламі ўнутранага распарадку.., а Законам "Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» ад 17.07.2007 № 263-З, артыкул 23 якога абвяшчае: «Супрацоўнік органаў унутраных спраў павінен прыняць меры па неадкладным аказанні медыцынскай і іншай неабходнай дапамогі асобам, якія пацярпелі ад злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў і няшчасных выпадкаў, асобам, якія знаходзяцца ў бездапаможным або небяспечным для жыцця або здароўя стане».

У сувязі з гэтым Павел Сапелка звяртае ўвагу на падобны нарматыўны казус і просіць Міністра ўнутраных спраў прывесці «Правілы ўнутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрымання органаў унутраных спраў» у адпаведнасць з вышэйназваным Законам і ліквідаваць ўказаны прабел.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства