Міліцыя зноў праз СМІ палохае жыхароў Гомельскай вобласці цыганамі
Гомельскія праваабаронцы Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка неаднаразова на ўсіх узроўнях падымалі праблему дыскрымінацыі цыганоў у СМІ, якіх часта агулам называюць патэнцыяльнымі злачынцамі і перасцерагаюць грамадзян ад кантактаў з імі. У мясцовай прэсе час ад часу з'яўляюцца артыкулы з загалоўкамі кшталту «Асцярожна, цыганы!». З гэтай нагоды праваабаронцы звярталіся ў МУС, Міністэрства інфармацыі, да абласных ідэолагаў з патрабаваннямі спыніць кампанію дыскрымінацыі цыганоў у СМІ. Згодна Канстытуцыі, у нашай краіне забаронена дыскрымінацыя, у тым ліку па нацыянальнай прыкмеце. Міліцэйскія начальнікі і ідэолагі адказвалі, што разбяруцца, прымуць меры, правядуць тлумачальную працу і гэтак далей. Тым не менш, зноў і зноў у прэсе з'яўляцца публікацыі, якія распальваюць варожасць да нацыянальнай меншасці. Так, 1 красавіка на сайце раённай газеты «Авангард» (Буда-Кашалёва) з'явіўся артыкул «Пад падазрэннем - асобы цыганскай нацыянальнасці» (http://www.budakosh.by/2015/04/podozrevayutsya-lica-cyganskoj-nacionalnosti/) У артыкуле прыводзяцца дадзеныя, што ў Гомельскай вобласці з пачатку году асобамі цыганскай нацыянальнасці было здзейснена некалькі крадзяжоў маёмасці і грошай. Ды і не толькі ў Гомельскай, але і ў Віцебскай. Жыхароў Буда-Кашалёўскага раёна міліцыя папярэджвае, што «у выпадку з'яўлення ў населеных пунктах асоб цыганскай нацыянальнасці, якія выклікаюць падазрэнне (не жывуць на пэўнай тэрыторыі, прапаноўваюць да продажу рэчы, займаюцца гаданнем) праваахоўныя органы просяць грамадзян інфармаваць па тэлефоне даверу». Варта дадаць, што ў 2014 годзе на тэрыторыі Гомельскай вобласці было зарэгістравана больш за 4,5 тысячы злачынстваў. І калі дзясятак-другі з іх здзейснілі цыганы, то варта паставіць пытанне – якую тады нацыянальнасць мелі грамадзяне, якія здзейснілі больш за 4 тысячы злачынстваў? Можа, для аб'ектыўнасці варта было б указваць нацыянальнасць і астатніх злачынцаў, калі міліцыі так карціць маляваць у прэсе вобраз злачынцы як менавіта прадстаўніка нацыянальнай меншасці?