30 базавых – за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя
30 базавых велічынь за распаўсюд і выраб прадукцыі СМІ – столькі прыйдзецца заплаціць незалежнай журналістцы Іне Хоміч, якую судзілі 1 красавіка за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя. Напярэдадні Іне Хоміч патэлефанавалі з раённага суда і паведамілі, што яна не з’явілася на паседжанне. Судовае паседжанне прызначылі на 1 красавіка праз тэлефон. Вынік суда не стаў нечаканасцю, кажа Іна Хоміч:
- Штраф у памеры 30 базавых велічынь – гэта 5 млн 400 тыс беларускіх рублёў. Паседжанне прайшло хутка. Суддзя Лабачэўская Раіса сказала, што ёсць закон пра СМІ, і хочацца ім ці не хочацца, а прыходзіцца ім яго выконваць. Я апелявала да таго, што Канстытуцыя без абмежаванняў дазваляе грамадзянам Рэспублікі Беларусь збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Ну, але закон пра СМІ ў нас, аказваецца, больш шануецца, чым Канстытуцыя.
За тры месяцы бягучага году гэта ўжо пяты прысуд у дачыненні да незалежных журналістаў, якія працуюць без акрэдытацыі на замежныя СМІ. Раней былі аштрафаваныя Алесь Ляўчук, Ларыса Шчыракова, Тамара Шчапёткіна, Аліна Літвінчук (двойчы). Для кожнага – штраф у памеры ад 20 да 40 базавых велічынь.