viasna on patreon

Павал Левінаў: «Чаму за бел-чырвона-белыя сьцягі караюць, а за савецкія — не?»

2015 2015-03-30T16:10:22+0300 2015-03-30T16:10:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levinau-pavel-vicebsk-sud.gif
Павел Левінаў

Павел Левінаў

Віцебскі праваабаронца патрабуе знайсьці і пакараць гандляроў сьцяжкамі СССР.
Ён даслаў заяву на імя начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму і паведаміў пра факты неаднаразовага зьяўленьня невядомых асобаў зь чырвонымі сьцяжкамі каля гандлёвага цэнтру «Эвіком».

Да заявы Павал Левінаў прыклаў фатаздымкі хлопца і дзяўчыны, якія 20 і 25 сакавіка парушалі грамадзкі парадак — заміналі праходу мінакоў, чапляліся да іх з прапановамі набыць сымболіку былога Савецкага Саюзу, а таксама дэманстравалі свае грамадзка-палітычныя погляды, паказваючы паперку са словамі «Народжаны ў СССР».

На думку праваабаронцы, дзеяньні невядомых падпадаюць пад адміністрацыйны артыкул 23.34 — арганізацыя і правядзеньне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства:

«Хлопец і дзяўчына, якія 20 і 25 сакавіка знаходзіліся на вуліцы Церашковай, каля гандлёвага цэнтру „Эвіком“, яўна выражалі свае грамадзка-палітычныя інтарэсы. Можна сказаць, што гэта было пікетаваньне з выкарыстаньнем сьцягоў, не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку. Больш за тое, яны заміналі руху мінакоў. Міліцыя мусіць адрэагаваць адпаведным чынам на гэтае правапарушэньне і пакараць вінаватых — бо караюць жа ў нас за бел-чырвона-белыя сьцягі. Высьветліць асобы пікетоўцаў, я думаю, ня цяжка: я дасылаю начальніку абласнога УУС фатаздымкі з інтэрнэту, а таксама зробленыя мной і маімі сябрамі».

Павал Левінаў падкрэсьлівае, што распаўсюднікі савецкіх сьцяжкоў не хаваюцца, дзейнічаюць адкрыта, зьяўляюцца каля «Эвікома» часта і нават фатаграфавацца не бянтэжацца. Толькі не размаўляюць — паказваюць знакамі, што глуханямыя.

Праваабаронца просіць, каб начальнік абласной міліцэйскай управы ўзяў гэтую справу пад уласны кантроль і накіраваў яе для разбору сваім падначаленым — у Кастрычніцкі райаддзел міліцыі:

«Няхай разьбіраюцца, бо закон павінен працаваць аднолькава ў дачыненьні да кожнага грамадзяніна. Вызначыць асобы прыхільнікаў СССР і адпаведнай сымболікі ня цяжка: змог жа начальнік аддзелу аховы правапарадку Чыгуначнага РАУС маёр Аляксандар Рыбакоў вызначыць удзельнікаў знакамітай фатасэсіі з птушкамі і клеткамі. Журналістаў і актывістаў вызначылі таксама па фатаздымках у інтэрнэце, і маёр Рыбакоў склаў на кожнага пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Хоць у іх нават сьцягоў не было, толькі папяровыя клеткі ды птушкі-арыгамі — і то міліцыя, а потым і суд вырашылі, што мы дэманстравалі грамадзка-палітычныя інтарэсы... Вось людзі з савецкай сымболікай пэўна гэта робяць!»

Спадар Левінаў просіць праінфармаваць яго пра ход расьсьледаваньня гэтай справы. Тым больш што распаўсюд савецкіх сьцяжкоў абурае гараджан. Гэтаксама як і навязьлівасьць распаўсюднікаў: хлопец і дзяўчына падпільноўваюць мінакоў, торкаюць у рукі сьцяжок, а потым паказваюць паперку, дзе напісаны кошт — 20 тысяч рублёў. Амаль ніхто не купляе — усе аддаюць сьцяжкі назад, даведаўшыся, што гэта не падарунак.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства