З праявамі расізму трэба змагацца тут і цяпер! Вынікі Тыдня супраць расізму ў Беларусі-2015
З 14 па 22 сакавіка ў Мінску маладыя праваабаронцы правялі шэраг дзеянняў і актыўнасцяў ў рамках агульнаеўрапейскага Тыдня супраць расізму.
Да Тыдня мы падрыхтавалі:
- тры ролікі па тэме расізму з беларускімі гуманітарыямі. Сваё меркаванне выказалі гісторык Уладзімір Валодзін, кандыдат сацыялагічных навук і каардынатар Лятучага універсітэта Таццяна Вадалажская, філосаф, кіраўнік праграмы ў European College of Liberal Arts in Belarus Вольга Шпарага.
- 17 сакавіка зладзілі публічную лекцыю кандыдата філасофскіх навук, дацэнта, старшыні МГА «Цэнтр вывучэння сучаснай рэлігійнасці» Наталлі Кутузавай «Праявы расізму і формы этнічнай дыскрымінацыі у Беларусі».
- 21 сакавіка прайшоў кінапаказ “Сэрдца ільва”. Разам з 40 удзельнікамі мы шукалі адказы на пытанні: якія вытокі ёсць у сучаснага расізму? Ці можна радыкальна змяніць свае погляды і ідэалогію на прама процілеглыя? Што можа гэтаму спрыяць? Ці важна арганізоўваць антырасісцкія акцыі і мерапрыемствы?
А яшчэ падчас мерапрыемстваў мы фатаграфаліся з плакатамі. Глядзіце фоты на фэйсбуку.
“Сучасны свет невядома куды каціцца: людзі забіваюць адзін аднаго толькі таму, што па-рознаму выглядаюць і думаюць. Як такое ігнараваць? Вельмі радуе, што ўсё ж застаюцца людзі свабодныя ад стэрыятыпаў і расавых маніпуляцый, гатовыя нагадваць астатнім пра праблему. У гэтым пляне United робіць прынцыпова важныя рэчы. Нагадваньне пра праблему — першы крок па яе вырашэнні. Нам пісалі ў камэнтарах у фэйсбуку, што тэма расізму не актуальная для Беларусі. Але я бачу іншае: я бачу росквіт “кухоннага расізму”, бачу працуючы сайт РНЕ, зьбітых мігрантаў, цыганафобія, антысэмітызм. І з гэтымі з’явамі трэба змагацца тут і зараз”, — распавядае адна з арганізатарак Тыдню Наста Лойка.
Акрамя таго, сваімі дзеяннямі да Тыдня далучыліся:
- музычная група з Гродна “Дзецюкі“, якія прынялі ўдзел у інтэрв’ю і запісалі відэазварот;
- гродзенскі футбольны клуб “Супраць расізму” 21 сакавіка сыграў таварыскі матч.
Даведка
* Сетка UNITED арганізуе і каардынуе агульнаеўрапейскую Тыдзень супраць расізму і заклікае міжнародную супольнасць пакласці канец расізму, дыскрымінацыі і нецярпімасці: “Мы заклікаем няўрадавыя і грамадскія арганізацыі, школы, мясцовыя саветы, разнастайныя групы і асобных асоб аб’яднаць намаганні і супрацьстаяць расізму прамым дзеяннем. Мы ўсе падыходзім адзін да аднаго!” 21 сакавіка абвешчаны ААН Міжнародным днём барацьбы з расізмам.
#ARW, #ARWby, #StopRacism, #СтопРасизм